Ціхая ноч, святая ноч

Лента новостей

24 снежня па каталіцкім календары – Вігілія Божага Нараджэння. Гэта самая таямнічая і самая ўрачыстая ноч, у якую на свет з’явіўся Сын Божы, каб адарыць нас сваёй ласкай і любоўю, даць надзею на вечнае жыццё. Ужо больш за дзве тысячы гадоў у гэтую ноч хрысціяне вітаюць прыход свайго Збавіцеля. Вігілійны вечар святкуецца па-асабліваму ўрачыста, і сёння мы яшчэ раз нагадаем пра асноўныя традыцыі яго сустрэчы ў каталіцкіх сям’ях.

Святкаванне Божага Нараджэння пачынаецца ўвечары 24 снежня. У гэты дзень дзеці ўпрыгожваюць ялінку, а калі з’яўляецца першая зорка, уся сям’я сядае за святочны стол. Запальваецца свечка, што сімвалізуе віфлеемскую зорку. Трапеза пачынаецца з малітвы, пасля якой гаспадар дому ці хто-небудзь іншы з сям’і чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Віфлееме. Затым галава сям’і благаслаўлае аплатку, якой усе дзеляцца, жадаючы адзін аднаму шчасця і здароўя. Усе беларускія католікі неадменна распачынаюць вігілійную вячэру з дзялення аплаткай—прэсным белым хлебам, загадзя асвечаным. Аплатка–сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе эўхарыстычным. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, дзелімся з ім дабрынёй. Гэты момант з’яўляецца найважнейшым у вячэры. Святочны настрой і прыгожыя, шчырыя пажаданні дабра і шчасця ў перадсвяточны вечар спалучаныя са строгім пастом: сярод страваў, якія знаходзяцца на стале, толькі посныя. Белы вігілійны абрус нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар. Жменя сена пад белым абрусам на святочным стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Віфлееме. Вігілійную вячэру яшчэ называюць куццёю. Гэта ідзе ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале. На стале па традыцыi ставіцца 12 страў, што сімвалізуе 12 апосталаў, якія звычайна збіраліся з Езусам за адным сталом.
Стравы падаюцца толькі посныя, не дапускаецца ўжыванне алкаголю.
За сталом пакідаецца адно свабоднае месца для нечаканага госця альбо як успамін пра таго, каго няма з намі сёння. Гэты звычай нагадвае пра тое, як зямныя бацькі Хрыста не маглі знайсці начлег у Віфлееме, калі ніхто не жадаў іх прыняць. Таму ў гэтую святочную ноч мы павінны быць гатовы да таго, што ў нашы дзверы можа пастукаць Збавіцель у выглядзе жабрака і спецыяльна пакідаем для яго вольнае месца.
Кавалкі аплаткі даюць таксама хатняй жывёле. Лічыцца, што жывёлы ў гэтую непаўторную ноч не толькі дзеляць з людзьмі ежу, але апоўначы размаўляюць чалавечымі галасамі.
Пасля вігілійнай вячэры ўсе спяваюць калядкі і шукаюць падарункі пад каляднай елачкай. Дзякуючы тром Каралям, якія прынеслі падарункі маленькаму Хрысту, з’явілася традыцыя, згодна з якой у ноч Божага Нараджэння кожны павінен атрымаць падарунак. Гэтага моманту з асаблівым нецярпеннем чакаюць дзеці.
Пасля вячэры сям’я ідзе ў касцёл на святую Імшу. Святая Імша, якая правіцца з надыходам ночы, называецца пастэрка (ад лацінскага слова pastor-«пастух»), бо першымі людзьмі, каму анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі віфлеемскія пастушкі, якія першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збавіцелю. Гэтую памятную сцэну сёння можна ўбачыць у кожным храме ў перыяд Божага Нараджэння. У найбольш бачным месцы падрыхтаваны яслі, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца яго маці і святы Юзаф. Тут жа побач на сене — валы і асляняты, а крыху наводдаль з пашанаю стаяць на каленях у вялікім здзіўленні сціпла апранутыя пастушкі. У час службы людзі ўсім сэрцам дзякуюць Богу за Нараджэнне Хрыста, унутрана перажываюць урачыстасць і радуюцца.
Кожны год мы адзначаем гэтае свята. Кожны год спяваем радасныя калядкi, у якiх выражана праўда пра цудоўнае Божае Нараджэнне. Кожны год шлём свае святочныя пажаданнi блiзкiм i дарагiм нам асобам. Але самае галоўнае, каб за святочнай падрыхтоўкай мы не забылі, што Езус павінен нарадзіцца ў нашых сэрцах, бо гэта ўрачыстасць перш за ўсё духоўная.
Падрыхтавала
Ірына МІКЛАШ



1 комментарий по теме “Ціхая ноч, святая ноч

  1. «Але самае галоўнае, каб за святочнай падрыхтоўкай мы не забылі, што Езус павінен нарадзіцца ў нашых сэрцах, бо гэта ўрачыстасць перш за ўсё духоўная.»
    Правильно подметила Ирина Иосифовна, что Бог — это не только церковь и не столько крест, сколько любовь в нашем сердце, любовь ко всему и ко всем.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *