Развіццё племянной жывёлагадоўлі ў нашай краіне звязана са стварэннем у 1959 годзе ў Шчучынскім раёне Гродзенскай абласной племянной станцыі па племянной справе і штучнаму асемяненні сельскагаспадарчых жывёл, якая ў 2002 годзе была перайменаваная ў РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства”. Сёння ў яго структуры працуюць Цэнтры селекцыі і генетыкі ў Гродзенскім, Бераставіцкім, Шчучынскім, Зэльвенскім, Навагрудскім і Карэлічскім раёнах, галоўная функцыя якіх – арганізацыя племянной работы, аналіз стану ўзнаўлення сельскагаспадарчых жывёл па кожнай гаспадарцы, матэрыяльнае забеспячэнне работ па асемяненні і ўзнаўленні. Акрамя гэтага ў цэнтрах арганізавана штучнае асемяненне маткавага пагалоўя буйной рагатай жывёлы і ветэрынарнае абследаванне, аказваецца метадычная і практычная дапамога ў пытаннях зніжэння ялавасці жывёл і многае іншае.
— Цэнтр селекцыі і генетыкі па Бераставіцкаму раёну быў створаны ў жніўні 2008 года, — расказвае яго дырэктар Збігнеў Маціеўскі. – Як і раней дзейнасць усяго калектыву ўстановы, а гэта адказныя, вопытныя спецыялісты-практыкі са шматгадовым досведам працы ў галіне жывёлагадоўлі, накіраваная на паляпшэнне генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы і свіней. Мэтай жа з’яўляецца павелічэнне прадукцыйнасці жывёл малочнага напрамку і свіней мяснога напрамку.
Сёння на базе цэнтра дзейнічае спецыяльная група па ўзнаўленню жывёл, у якую ўваходзяць галоўны заатэхнік-селекцыянер па буйной рагатай жывёле Іван Болбат, два вядучых урача-гінеколага Леанід Пронін і Аляксандр Цынеўскі і галоўны заатэхнік-селекцыянер па свінаводству Сяргей Гарбачык. Галоўная задача групы заключаецца ў абследаванні ўсіх жывёл пасля расцёлу і лячэнні маткавага пагалоўя пры ўзнікненні якіх-небудзь ускладненняў. Спецыялісты групы цесна супрацоўнічаюць са звёнамі па ўзнаўленні жывёл, што дзейнічаюць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна і ў склад якіх уваходзяць галоўны заатэхнік-селекцыянер, ветурач-гінеколаг і тэхнік па штучнаму асемяненні буйной рагатай жывёлы. Для правядзення ўсіх неабходных мерапрыемстваў у Цэнтры селекцыі і генетыкі па Бераставіцкаму раёну існуе неабходнае абсталяванне, да прыкладу, у верасні 2012 года быў набыты новы УГД-сканар, ёсць тут і свая лабараторыя.
Па словах Збігнева Рамуальдавіча, у цяперашні час супрацоўнікі цэнтра вядуць работу па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы ў дзевяці сельгаспрадпрыемствах раёна. Павышэнне генетычнага патэнцыялу малочнай прадуктыўнасці буйной рагатай жывёлы ажыццяўляецца шляхам выкарыстання семяннога матэрыялу высокаякасных быкоў-вытворцаў канадскай, галандскай і венгерскай селекцыі. Усе яны маюць індэкс племянной каштоўнасці ад 111 да 143 балаў.
Асноўнае пагалоўе таварных ферм, свінагадоўчых комплексаў раёна таксама камплектуецца жывёламі высокапрадуктыўных парод з вялікім генетычным патэнцыялам. Так, калі на таварнай ферме ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” вырошчваюць такія пароды свіней, як Ландрас і Ёркшыр, то на двух свінагадоўчых комплексах, што ў КСУП “Пагранічны-Агра” і КСУП “Варанецкі”, акрамя названых парод – яшчэ Дзюрок і Петрэн, а таксама іх помесь.
Такім чынам, правядзенне селекцыйна-племянной работы ў жывёлагадоўлі спрыяе стварэнню высокапрадуктыўных селекцыйных статкаў у сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёну, што ў сваю чаргу ўплывае на паляпшэнне пародных і прадукцыйных якасцей маткавага пагалоўя.
Цікава, што за 10 месяцаў гэтага года на Бераставіччыне атрымалі 52778 парасят, а пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрасло на 112 галоў і склала 10146.
У Цэнтры селекцыі і генетыкі па Бераставіцкаму раёну Збігнеў Рамуальдавіч працуе з 2012 года і трэба адзначыць, што менавіта пад яго кіраўніцтвам установа – неаднаразовы прызёр абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці галіны жывёлагадоўлі. І пацвярджэннем гэтаму служыць атрыманая днямі Ганаровая грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Цэнтр узнагароджваецца ёю за пачэснае другое месца вось ужо трэці год запар, у чарговы раз саступіўшы толькі Гродзенскаму раёну.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара
На здымку: Іван Болбат, Аляксандр Цынеўскі, Леанід Пронін і вадзіцель Мікалай Леська