Хто ідзе ў Бераставіцкі ліцэй прафесіі вучыцца?

Лента новостей

1 верасня споўніцца 63 гады з таго моманту, як у вёсцы Муравана было арганізавана Бераставіцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі №37. За гэты час установа перацярпела мноства змяненняў: пераведзена ў г.п. Вялікая Бераставіца, пераіменавана ва ўстанову адукацыі “Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”. У 2014 годзе да яго ўвогуле далучылі Малабераставіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй перапрацоўчай прамысловасці, у якім рыхтавалі спецыялістаў для галіны грамадскага харчавання.

Як расказаў дырэктар установы Эдуард Карвацкі, у гэтым годзе філіял, што размяшчаўся ў вёсцы Муравана, з першага жніўня быў зачынены. Па спецыяльнасцях “Повар (4 разрад)” і “Кандытар (3 разрад) юнакі і дзяўчаты змогуць навучацца ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца. На сённяшні момант ва ўстанове фарміруецца вучэбна-матэрыяльная база для навучання студэнтаў.
— Сёння кожны, хто спыніць свой выбар на Бераставіцкім ДСПЛ, не пашкадуе, у нас працуюць прафесіяналы сваёй справы, гатовыя вучыць, настаўляць і, канешне, дапамагаць, – працягвае Эдуард Уладзіміравіч. – Прыёмная кампанія пачалася ў нас яшчэ 15 чэрвеня і прадоўжыцца да 20 жніўня. План па набору студэнтаў мы плануем выканаць. У гэтым годзе набіраюцца 3 вучэбныя групы па 25 чалавек у кожнай для атрымання наступных кваліфікацый: “Трактарыст-машыніст катэгорыі “А, В, D”, “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын (3 разрад)”, “Элекрагазазваршчык (3 разрад)”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў (3 разрад)”, “Повар (4 разрад)” і “Кандытар (3 разрад)”. Калі хлопцы могуць паступіць на ўсе пералічаныя спецыяльнасці, то дзяўчаты – толькі на дзве апошнія ў гэтым спісе. Да таго ж, паступіўшы ў групу на навучанне па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, навучэнцы 3 курса маюць магчымасць атрымаць кваліфікацыю “Электрагазазваршчык 3 разраду” па праграме дадатковай адукацыі дарослых.
Трэба адзначыць, што іншагароднім студэнтам прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце, для ўсіх навучэнцаў арганізавана аднаразавае харчаванне, а для дзяцей-сірат і з малазабяспечаных сямей – трохразавае. Ліцэй забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем, маецца вялікі бібліятэчны фонд, праводзяцца дастаткова змястоўныя і аб’ёмныя факультатыўныя заняткі, працуюць спартыўныя секцыі, картынг-клуб і інш. Па-гэтаму сумаваць не давядзецца.
Пачынаючы з 1954 года, Бераставіцкі ліцэй выпусціў у дарослае жыццё 19727 юнакоў і дзяўчат, а разам з зачыненым філіялам, яшчэ дадатковыя 6701 чалавек. Толькі з 2014 года па праграме дадатковай адукацыі дарослых са стен установы выйшла 369 спецыялістаў. Імя кожнага выпускніка занатавана ў паіменнай кнізе, якая захоўваецца ў ліцэі.
Зараз Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй – гэта выдатная пляцоўка для рэалізацыі сваіх магчымасцей і талентаў. І ён можа стаць адпраўным пунктам для кожнага, хто прагне і цягнецца да ведаў.
Цікава: У Бераставіцкім ліцэі пад землі вучэбнай гаспадаркі адведзена 168 га. З іх 154 га – пад зерневыя. Уражайнасць складае 75 ц/га і з’яўляецца лепшым паказчыкам сярод вучэбных гаспадарак устаноў прафесійнай адукацыі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *