ХТО НАМАЛЯВАЎ БЕРАСТАВІЦКУЮ РАТУШУ?

Из истории земли Берестовицкой Культура

2 жніўня 1754 г. кароль Аўгуст ІІІ Саксонскі выставіў прывілей аб наданні Вялікай Бераставіцы Нямецкага (Магдэбургскага) права. Гэты асаблівы статус мястэчка даваў яго жыхарам значную самастойнасць – дазваляў самім выбіраць сабе кіраўніцтва, самастойна гандляваць, мець ўласныя суды, а значыць незалежна ад землеўладальніка вырашаць многія надзённыя патрэбы.
Адным з галоўных атрыбутаў тагачаснага магдэбургскага горада з’яўлялася ратуша – будынак, у якім мясціліся перад усім магістрат, гарадскі суд і рада. Зазвычай такая пабудова мела прамавугольную форму і стаяла на цэнтральнай плошчы населенага пункта, якая называлася Рынкам. Старая прымаўка: “Да касцёла калі хочаш, а ў ратуш мусіш”, — падкрэслівае асаблівую значнасць гэтай установы.
Зразумела, была ратуша і ў Вялікай Бераставіцы. Сёння, на жаль, гэта ўжо страчаная спадчына, і першае ўяўленне, аб тым, як яна некалі выглядала, даў малюнак з 19 ст. невядомага аўтара, змешчаны на старонках сучасных гістарычных і краязнаўчых выданняў, у тым ліку ў энцыклапеді “Архітэктура Беларусі” (рэд. А.А. Воінаў, 1993). У асобных публікацыях аўтарства прыпісвалі нават вядомаму польскаму мастаку Юзэфу Пешку.
Хто ж з’яўляецца сапраўдным аўтарам малюнку бераставіцкай ратушы? Дакладны адказ на пытанне знайшоўся ў адным з папулярных польскіх часопісаў “Biesiada literacka” Nr/20 за 19.05.1899 г. У рубрыцы “Гістарычныя пабудовы” (стар. 388) змяшчаецца той самы малюнак, аб якім ідзе размова, а пад ім кароткі надпіс: ”Былая ратуша ў Вялікай Бераставіцы. Малюнак А. Казарскага”.
Адольф Казарскі – польскі мастак і педагог. Нарадзіўся ў 1836 г. у Радаме (Мазовія) ў сям’і сціплага чыноўніка. Маючы талент да малявання, з 1852 г. ён вучыўся ў Школе Прыгожых Мастацтваў у Варшаве. Яго настаўнікам быў знакаміты польскі мастак Ксаверы Канеўскі. Пасля вучобы Адольф Казарскі падпрацоўваў у літаграфічных друкарнях і шмат вандраваў, шукаючы цікавыя месцы для замалёвак. З-за недахопу сродкаў працаваў выкладчыкам у Сядлецкай гімназіі і адначасова супрацоўнічаў з папулярнымі перыядычнымі выданнямі “Tygodnik Ilustrowany”,”Klosy” i ”Biesiada literacka”. Вандруючы па розных мясцінах, рабіў малюнкі ў асноўным гістарычных і культавых пабудоваў. Ад 1869 г. выкладаў каліграфію і малюнак ў Губернскай гімназіі ў Плоцку, працягваючы адначасова супрацоўніцтва з польскімі часопісамі, у якіх змяшчаў свае малюнкі.
Праўдападобна, у адной адной з такіх вандровак мастак наведаў Вялікую Бераставіцу, дзе яму на вока трапіў будынак старой ратушы на местачковым Рынку. Малюнак выкананы алоўкам на паперы, на якім ратуша прадстаўлена выцягнутай у даўжыню фасаднай часткай. З правага боку аўтар ”зачапіў” яшчэ і фрагмент суседняй пабудовы. Відавочна, у Бераставіццы мастак маляваў пры заходзе сонца.
Варта адзначыць, што ў большасці свае замалёўкі Казарскі рабіў на паперы, карыстаючыся пры гэтым алоўкам і пяром. Найбольш значнай яго працай лічыцца ”Панарама Варшавы” (1875). Памёр майстар ў 1911 г.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна



3 комментария по теме “ХТО НАМАЛЯВАЎ БЕРАСТАВІЦКУЮ РАТУШУ?

  1. Па некаторых звестках гэты будынак паходзіць яшчэ з хадкевічоўскіх часоў. І быў у ім тады заезд для праязджаючх. Потым у ім размяшчалася ратуша. Можна меркаваць, ў час надання Бераставіцы магдэбургскага права будынку было ўжо каля 100 гадоў. Магчыма ён быў часткова рэканструяваны пад ратушу. Першы паверх (крамніца), а таксама цэнтр (магістрат) — выконвалі ролю скарбца. У адрозненне ад другога паверху, тут захоўваліся найбольш каштоўныя рэчы. Таму іх муравалі ад агню. Дапускаю, што у магдэбургскія часы другога (драўлянага) паверху магло ўвогуле не быць. Яго надбудавалі пазней.

  2. Интересна архаичная архитектура ратуши, если судить по рисунку. Не зря местные называли её обержа.
    Очевидно, что строившие её обычно в своей практики строили деревенские избы да сараи.Грубовато исполненный мурованный первый этаж и на нем поставлены две натуральные рубленные деревенские избы к которым ведут самые простые деревянные лестницы крытые от осадков.

  3. Азнаёміўшыся з біяграфіяй мастака А. Казарскага, я заўважыў адну яскравую дэталь, на якую вы не пажадалі зрабіць увагу. У сваёй творчасці мастак выкарыстоўваў фатаграфію, працаваў з камерай-абскурай. Значныя працы мастака — панарамныя віды гарадоў і вуліц выкананыя па фотаздымках тагачасных фотамайстроў. Напрыклад, знакамітая панарама Варшавы намалявана па фотаздымку Конрада Брандля 1875 года. А выдатная панарама Камянец-Падольска выканана па фотаздымку Міхаіла Грэйма 1876 года. Па фотаздымках таксама выкананы віды вуліц і дамоў Плоцка, Луцка, Влоцлаўска. На некаторых літаграфіях тыражнага друку (часопісы «Klosy», «Biesiada Literacka») адсутнічае імя мастака, якое падаецца пад малюнкам як прыпіс. На асабістых малюнках мастак ставіць подпіс на паверхні малюнка. Яго подпіс застаецца і на літаграфіях, выкананых з асабістых малюнкаў. Такое раздзяленне сваёй творчасці падказвае, што мастак маляваў па фотаздымках і з камеры-абскуры. Ён не падпісваў малюнкі, якія не былі зроблены ім з натуры. Да такіх адносіцца тыражная літаграфія з Бераставіцкай ратушай 1899 года. Літаграфія зроблена па фотаздымку 1873-1874 гг. Яна адлюстроўвае здымак ратушы пасля валікага пажара ў Бераставіцы 13 чэрвеня 1873 г. (НГАБ у Гродна). На ім бачна што ратуша цэлая. Але фрагмент абгарэлага будынка з правага боку ў 1899 годдзе не існаваў. К гэтаму часу Бераставіца была адноўлена, і мастак, калі б маляваў ратушу з натуры ў тым жа 1899 годдзе, не ўводзіў бы незразумелыя дэталі. Між іншым, сярод першых публікацый малюнка Бераставіцкай ратушы, што змешчаны ў Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі (Т.1. Мн. 1984) адсутнічае менавіта правая частка ратушы з «незразумелым фрагментам».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *