Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос !

Лента новостей

easter_28Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, хрысціяне-католікі і праваслаўныя! Гэтыя словы напаўняюць кожнага хрысціяніна радасцю, удзячнасцю і надзеяй! Благаславёны Ян Павел II, які 27 красавіка 2014 года будзе абвешчаны святым, сказаў: «Гэта дзень, які стварыў Пан. Алілуя! Атрымайце надзею, браты і сёстры ва ўсім свеце! Хрыстос перамагае цемру і адкрывае чалавеку поўную годнасць яго паклікання. З Хрыстом, нашай Пасхай, усё магчыма!» І наш пастыр, біскуп Аляксандр Кашкевіч выказваючы віншаванні нам, яго дыяцэзіянам, так сказаў: «Я жадаю ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, глыбокай веры. Няхай яе святло дапамагае вам адкрываць для сябе сэнс усяго, што вас сустракае, і распазнаваць прысутнасць Уваскрослага Пана ў слове Добрай Навіны, ласцы сакрамэнтаў і ў асобе іншага чалавека».
У гэты Вялікі Дзень мы жадаем вам, браты і сёстры, каб Ісус Хрыстос, Які ў таямніцы Крыжа аб’явіў міласэрнае аблічча Бога, а сваім Уваскрэсеннем адкрыў нам шлях да новага жыцця, напоўніў вас сваім супакоем. Ва Уваскрослым Хрысце мы атрымліваем усё, без Яго наша жыццё становіцца пустым. Няхай дзякуючы багаццю Божых дароў, якімі Уваскрослы Пан хоча адарыць кожнага чалавека, наша штодзённае жыццё набірае глыбейшы сэнс, няхай яно будзе больш шчаслівым і асветленым жывой надзеяй. Няхай радаснае “Алілуя!” будзе для нас крыніцай любові і веры, няхай добры настрой спадарожнічае ў штодзённай працы.
Ісус жывы і Ён з намі, Ён дае нам Святога Духа і вядзе дарогаю збаўлення!
Святары Бераставіцкага дэканата

***

Дарагія браты і сёстры!
У гэтае светлае і выратавальнае свята Уваскрэсення Гасподняга сардэчна вітаем усіх вас натхнёнымі і заўсёды нязменнымі вялікімі словамі пасхальнага дабравесця: Хрыстос Уваскрос!
У гэтую святую ноч мы адчуваем усеагульную і бязмежную радасць, бо падзея, якая адбылася шмат гадоў таму непадалёку ад старажытнага Іерусаліма, мае дачыненне да кожнага з нас. Уваскрэсенне Хрыстова мае сапраўды сусветнае значэнне, бо праз яго Збавіцель дараваў нам магчымасць здабыць адзінства з Богам. Адгукнёмся на Яго заклік: «Прыйдзiце, бласлаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, прыгатаванае вам ад стварэння свету» (Мф.25,34).
Няхай Уваскрослы Збавіцель удыхне і ў нашы душы цвёрды намер прытрымлівацца Яго запаведзяў. Будзем дзяліцца адзін з адным радасцю цяперашняй урачыстасці! Сагрэем цяплом сэрцы тых, хто сёння пакутуе і церпіць нягоды. Будзем выконваць наш хрысціянскі абавязак служэння блізкім, вучыць і выхоўваць нашых дзяцей на прыкладах евангельскай ісціны. Будзем працаваць дзеля духоўнага і матэрыяльнага адраджэння нашага грамадства, дзеля таго, каб святло Хрыста азарала ўсё наша жыццё! У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаем вам найвялікшай радасці – узаемнай любові і адзінства ў Хрысце.
З Пасхай Гасподняй!
Святары  Бераставіцкага благачыння



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *