Сёння завяршыўся апошні этап акцыі “Моладзь за бяспеку”. Нагадаем, што на Бераставіччыне яна стартавала яшчэ ў верасні і праходзіла ў тры этапы: першы – з 25 па 30 верасня, другі – з 2 па 6 кастрычніка, трэці – з 10 па 14 кастрычніка.
Завяршальным этапам акцыі стала іміджавае мерапрыемства, якое адбылося 11 кастрычніка ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Па словах інспектара ГПіУГ РАНС Яўгена Шапавалава, яго галоўная мэта – расказаць маладому пакаленню аб дзейнасці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных і прафесіі выратавальніка-пажарнага ўвогуле.У гэты дзень, зацікаўленыя ўсім дзействам хлопцы і дзяўчаты з Бераставіцкага раёна, з задавальненнем не толькі разглядалі, але і прымяралі касцюмы пажарных, якія выкарыстоўваюцца ў паўсядзённай рабоце. Непадробленыя эмоцыі захаплення ў іх выклікалі баявое адзенне выратавальніка, а таксама апарат на сціснутым паветры для працы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі, вага якога, дарэчы, складае ажно 16 кілаграмаў.
Пасля для ўсіх прысутных была арганізавана канцэртная праграма. На суд гледачоў свае творчыя нумары прадставілі актывісты БМГАВП, калектывы мастацкай самадзейнасці і інш.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара