З 15 па 20 верасня парафіяльныя касцёлы Бераставіцкага дэканата наведала фігура Маці Божай Фацімскай, якая на працягу ўжо амаль года падарожнічае па святынях Беларусі.
Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай арганізавана з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якія ў маі 2017 года адзначаліся ва ўсім свеце.
Нагадаю, што сто гадоў назад, у маі 1917 года, у Партугаліі, непадалёк ад невялічкай вёскі Фаціма, траім маленькім пастушкам з’явілася Маці Божая, якая праз дзяцей накіравала пасланне свету, прадказала гісторыю чалавецтва ў XX стагоддзі, пераслед Касцёла, яго адраджэнне, папярэдзіла аб пачатку Другой сусветнай вайны. Маці Божая заахвочвала дзяцей да штодзённай малітвы Ружанца аб навяртанні грэшнікаў і да малітвы за мір, а таксама прасіла пабудаваць у гэтым месцы капліцу ў Яе гонар. Маці Божая з’яўлялася дзецям шэсць разоў. Сведкамі апошняга аб’яўлення былі больш за 70 тысяч чалавек. Каталіцкі Касцёл прызнаў аб’яўленні цудам 13 кастрычніка 1930 г.
У 1919 годзе на месцы аб’яўленняў пачалося будаўніцтва капліцы, цяпер там вялікая і прыгожая базіліка Маці Божай Ружанцовай, на плошчы перад якой могуць размясціцца да мільёна чалавек. Кожны год у партугальскую Фаціму прыбываюць больш за 5 мільёнаў пілігрымаў з усіх частак свету.
4 кастрычніка 2016 года мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч благаславіў у Фаціме фігуру Маці Божай і прывёз яе ў Беларусь. Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай распачалася з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у Гродзенскай дыяцэзіі фігура будзе знаходзіцца да 22 кастрычніка.
Вечарам у пятніцу, 15 верасня, фігуру Маці Божай Фацімскай віталі ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы.
Шматлікія вернікі і госці парафіі разам са святарамі сустракалі фігуру Багародзіцы на вуліцы каля святыні. Урачыстай працэсіяй фігура Маці Божай Фацімскай была ўнесена ў касцёл і заняла пачэснае месца на ўпрыгожаным кветкамі троне.
На працягу амаль сутак, пакуль фігура Маці Божай знаходзілася ў бераставіцкім касцёле, у вернікаў была магчымасць звярнуцца да Панны Марыі са сваімі просьбамі, падзякаваць за атрыманыя ласкі і аддаць Ёй пад апеку сваё жыццё як у час сумесных службаў, так і пры прыватнай малітве.
Вялікая колькасць людзей наведала касцёл у гэтыя два дні, каб прывітаць і ўшанаваць Маці Божую ў фігуры, прывезенай з Фацімы, каб праз яе прысутнасць мець магчымасць бліжэй дакрануцца да фацімскіх аб’яўленняў і глыбей перажыць іх у сваім сэрцы.
У суботу фігура Маці Божай Фацімскай адправілася ў сваю далейшую пілігрымку – у парафію ў Макараўцах.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара