«Фэст экскурсаводаў» адбудзецца ў Беларусі

Лента новостей

Шаноўныя сябры!
Краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў, грамадскіх арганізацый, турфірмаў, раённых аддзелаў культуры!
20 – 21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў». Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год адзначаецца 18 красавіка.
“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай “пасябраваць” людзей з помнікамі, пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўяўленне, што калі ты жывеш у нейкім месцы, то значыць ўсё пра яго ведаеш — і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шмат якіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

«Фэст экскурсаводаў» — гэта шэраг бясплатных экскурсій па небанальных мясцінах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён па розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яна будзе адбывацца.

«Фэст экскурсаводаў» — гэта адкрытая акцыя.
Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў – прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты. Падрыхтуйце тэму, якой вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.

Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) Фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за 2 дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя гарады Беларусі не адставалі ў гэтай справе.

Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў Фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца нешта новае, а вам зробіць неблагую рэкламу.

У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мінску.

Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі.

Будзе павялічана колькасць экскурсій на веласіпедах і для самых маленькіх дзяцей.

Дый шмат чаго яшчэ цікавага…

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі.

Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», інтэрнэт-партал «Holiday.by», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), турыстычная фірма «ТандэмТур»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *