Францыск Скарына… Вучоны, асветнік, культурны дзеяч, перакладчык…

Лента новостей

Калі вы прагнеце слова, а я маю на ўвазе мастацкага слова, то вы мяне зразумееце. Не магу прайсці міма кніжнай крамы. Нейкая непадуладная сіла цягне мяне туды, што ёсць моцы. Па праўдзе, я і не праціўлюся, бо хто адмовіцца адкрыць для сябе патаемны, казачны, цікавы і фантастычны свет кніг. У кожнай з іх прыхавана свая, адметная гісторыя, а я хачу быць яе часткай. У цвёрдым пераплёце, з прыемным пахам друкарскай фарбы, яна нібы толькі што сышла са станка. Кніга заманьвае і быццам крычыць: “Я буду тваім натхненнем, я буду тваім сябрам і дарадцам, я буду часткай тваёй душы і сэрца, я пакажу табе свет, які ты дагэтуль не бачыла, я буду для цябе хоць цэлым сусветам, галоўнае, не забывай пра мяне. Гэта я. Я тут, поруч. Я. Жывая. І я гавару з табой ужо пятае стагоддзе запар. Я прагну быць пачутай”.
Пасля ты выходзіш з крамы, нібы акрылены, узгадваеш, з чаго ўсё пачалося, хто паўплываў на твой светапогляд і хто падараваў магчымасць спасцігаць напісанае… І праўда, а хто ж?!
Кожны беларус спазнае Францыска Скарыну па-свойму. Мне ж імпануе, як будучы славуты сын нашага народа ўжо тады разумеў, што магутнасць роднай зямлі залежыць не толькі ад князёў, іх войскаў, але і ад простых людзей. І ў першую чаргу людзей адукаваных. З таго часу ўзрасло не адно пакаленне ра­зумных, адданых сваёй справе беларусаў, але кожны з іх разумеў, што моц дзяржавы і ў гэтых людзях асветы. Напэўна таму мы так рэдка гаворым пра першадрукара як сем’яніна, а ўсё часцей засяроджваемся на яго іншых рэгаліях. Францыск Скарына… Вучоны, асветнік, культурны дзеяч, перакладчык…
Ацаніць жа і вымераць тое, што здзейсніў Скарына нельга ніякімі матэрыяльнымі катэгорыямі. З’ехаўшы ў чэшскую Прагу, пачынае перакладаць і з 1517 года друкаваць кнігі Бібліі. Ён даў свайму народу найдаражэйшы скарб, а нашы продкі, дзякуючы дзелавітасці і смеласці асветніка, атрымалі кніжнае Божае слова на роднай мове трэцімі ў Еўропе – пасля немцаў і чэхаў. Багацце асобы Скарыны ставіць яго побач з найвыдатнейшымі людзьмі эпохі Адраджэння, а яго жыццёвы шлях у многім паказальны для людзей усіх эпох.
І хто сказаў, што адзін чалавек не можа прынесці славу цэлай нацыі!
Вольга Заенчкоўская

P.S. 6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет першая і самая папулярная кніга Францыска Скарыны “Псалтырь”. Менавіта гэта дата лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога мы адзначаем у гэтым годзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *