Фоталетапіс Бераставіцкай райбібліятэкі – у ліку лепшых

Культура Лента новостей

Калектыў Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага ўзнагароджаны Дыпломам і памятным падарункам за перамогу ў намінацыі “Героі ваенных часоў” абласнога конкурсу фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”.

Ганаровую ўзнагароду бераставіцкія канкурсанты падзялілі з навагрудскімі калегамі. Журы адзначыла арыгінальнасць ідэі, высокі эстэтычны ўзровень выканання і незвычайную падачу матэрыяла, акцэнтаванага на мемарыяльных помніках малой радзімы.­­­­­
Конкурс фоталетапісаў арганізаваны ўпраўленнем культуры аблвыканкама і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Ф. Карскага з мэтай збору, захавання i папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны, знакамітых земляках i адметных падзеях малой радзімы, а таксама фарміравання банка гістарычных фотаздымкаў Прынёмання.


– Нас зацікавіла ідэя конкурсу ці, дакладней, адна з яго намінацый – “Героі ваенных часоў”, – расказвае дырэктар Бераставіцкай райбібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Аксана Кумпель. – Справа ў тым, што распрацоўкай і вывучэннем падобнай тэматыкі мы ўжо займаліся, у свой час рыхтуючы бібліятэчны праект – выставу-партрэт «Ганарыся сваім імем, вуліца!» – аб лёсах герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за нашу Радзіму і імёнамі якіх названы вуліцы Вялікай Бераставіцы, а таксама аграгарадкоў Пагранічны і Малая Бераставіца. Дарэчы, матэрыялы гэтыя ўвайшлі і ў кнігу з адпаведнай назвай. Такім чынам, нам было што прапанаваць на конкурс і ўнесці свой уклад у папаўненне гістарычнага летапісу Гродзен-шчыны.
Конкурсная работа райбібліятэкі ўяўляе сабой альбом “Героі ваенных часоў Бераставіччыны”, які складаецца з 22-х лістоў і эскпануецца ў рамках. У ім прадстаўлены ўдзельнікі Першай сусветнай (1914-1918) і Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) – ураджэнцы бераставіцкай зямлі, якія здзейснілі свой подзвіг як на тэрыторыі нашага раёна, так і за яго межамі. Фоталетапіс дапоўнены таксама відэапрэзентацыяй. Над ім працавалі загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Чыкун, мастак-афарміцель аддзела маркетынгу і работы з фондам Андрэй Втарушын і метадыст гэтага ж аддзела Алена Аліферовіч.


– Пры стварэнні фоталетапісу былі выкарыстаны здымкі з фондаў музея Вавёркі, – гаворыць Андрэй Втарушын, адказны за дызайн і апрацоўку матэрыялаў конкурснай работы. – Гэта выявы герояў Вялікай Айчыннай вайны з Бераставіччыны і ўдзельнікаў партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Бераставіцкага раёна, а таксама савецкіх ваеначальнікаў, якія загінулі на бераставіцкай зямлі, выконваючы свой воінскі абавязак. Асобна прадстаўлены фотаздымкі настаўніка з Падбагоннікаў Рамана Салаўя – у гады Першай сусветнай вайны фатографа 85-га Выбаргскага пяхотнага палка, якому ў музеі Вавёркі прысвечана экспазіцыя.
Змест фоталетапісу ўтрымлівае інфармацыю пра такіх герояў, як палкоўнік Фёдар Арлоў (Цівунчык) з в. Цецяроўка, генерал-маёр Нікіфар Заміроўскі з в. Дзіневічы, маёр Іван Жыжаль з в. Сыраежкі, які пасля вайны стаў Героем Сацыялістычнай Працы, заслужаным будаўніком БССР і ганаровым грамадзянінам Мінска, палкоўнік Антон Канецкі з в. Шаляпкі – ганаровы будаўнік Кіева, мінёр Андрэй Ахраменя з в. Кулі, які стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі БССР, лётчык-штурман Аляксей Вострыкаў, абаронца роднага Сталінграда яфрэйтар Ганна Лазаровіч, ветэраны Бераставіччыны Яўгеній Конік, Павел Шкулепа, Даніла Гардзіенка, Іван Анішчанка, Надзея Катлінская, Мікалай Стрыжко і сям’я Андросавых.


Праз фотаздымкі прадстаўлена дзейнасць партызанскага атрада “Звязда” (камандзіры Міхаіл Казакоў і Іван Пупко, камісар Самуіл Шварцман, начальнік разведкі Міхаіл Сьянаў, камандзір роты Мікалай Шышкін, сувязныя Лявонцій Буднік, Іван Мурын) і партызанскай групы “Гроза” (камандзір – старшы сяржант Іван Кавалёў). А яшчэ – месцы ўвекавечання памяці гродзенскіх падпольшчыкаў Вольгі Соламавай і Васіля Бібіча ў в. Жорнаўка і аг. Канюхі.
Выстава ўсіх фоталетапісаў, дасланых бібліятэкамі Прынёмання на конкурс, дэманструецца ў выставачнай зале Гродзенскай абласной бібліятэкі. Яе прэзетацыя і ўзнагароджанне пераможцаў адбыліся 17 верасня на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Бібліятэка як культурна-гістарычны аспект развіцця краіны”, прымеркаванай да 190-годдзя абласной бібліятэкі.

фота Святланы Ганчаровай,
і Андрэя Втарушына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *