Флагман зноў наперадзе

Лента новостей

Адпачыла зімою зямля пад снежным белым покрывам, а зараз рыхтуецца прыняць зерне, каб аддзячыць людзям за клопаты багатым ураджаем. На гэта спадзяюцца ва ўсіх гаспадарках. Працаўнікі рыхтуюць глебу да сяўбы, а першымі ў раёне пачалі сеяць у СВК імя Варанецкага — 30 сакавіка і ў СВК “Алекшыцы” – 31 сакавіка.
Надвор’е ў тыя дні выдалася выдатнае, сонечнае, з лёгкім ветрыкам. Настрой у людзей быў бадзёры.
У СВК імя Варанецкага ў мінулым годзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых (без кукурузы) была 78,4 цэнтнера з гектара. У гэтым годзе тут спадзяюцца дасягнуць ураджайнасці 80 – 85 цэнтнераў з гектара і стаць флагманам не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Гэта магчыма, таму што трывалая аснова поспехам пакладзена даўно – у гаспадарцы “моцнае звяно” спецыялістаў, адпрацаваныя тэхналогіі, сучасная тэхніка, а галоўнае–старанныя, працалюбівыя людзі. Тут працуюць над павышэннем урадлівасці глебы, захоўваюць севазварот, надаюць увагу папярэднікам, а дзе зямля “цяжкая”, два разы праводзяць хімпраполку.
Азімыя ў гэтым годзе ў СВК імя Варанецкага перазімавалі добра, перасяваць не трэба. Зараз яны падкормліваюцца вадкім азотным угнаеннем.
Пад яравыя культуры ўсё робіцца згодна з тэхналогіяй – а гэта абавязкова ўключае ў сябе і збор камянёў. З кожным годам, нягледзячы на інтэнсіўныя работы, іх менш не становіцца. Зямля выштурхвае камяні з больш глыбокіх слаёў. У СВК імя Варанецкага да сяўбы падрыхтавалі 4 імпартныя пасяўныя агрэгаты. Гэта два “Лемкен” з захопам па 3 метры, “Сулка” , якая захоплівае 4 метры і “Гаспардо” з захопам 6 метраў.
На культывацыі з самага лепшага боку паказвае сябе Андрэй Іядкоўскі, на сяўбе вызначаецца Казімір Талочка. А на ўнясенні мінеральных угнаенняў працуе яго родны брат, прадстаўнік дынастыі Талочкаў – Іосіф.
Аплата працы ў гарачую пару веснавых палявых работ дастойная. Пры старанні і жаданні можна зарабіць добрыя грошы. Безумоўна, улічваецца якасць работ.
Людзей добра кормяць. Кожны дзень у СВК імя Варанецкага рыхтуюць 110 абедаў і на 70 чалвек вячэру. Стравы смачныя, кожны прыём ежы абавязкова з мясам. Працаўнікі задаволены – добра пад’еўшы і папрацуеш у ахвоту.
На здымках: механізатары Андрэй Іядкоўскі і Казімір Талочка.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *