Трэцяя — і заключная — змена пачалася ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі” з 1 жніўня. На гэты раз сюды на адпачынак завіталі 148 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку — і з Рэспублікі Польшча. Змена называецца “Фестываль садружнасцей”. І нездарма. Як адзначае начальнік лагера Людміла Анатольеўна Тапарыўская, усе мерапрыемствы, запланаваныя ў гэтай змене, маюць агульнай мэтай умацаванне сяброўскіх адносін паміж дзецьмі з дзвюх суседніх краін, а таксама выхаванне пачуцця патрыятызму і гонару за сваю краіну. Старшая выхавальніца лагера Ірына Вячаславаўна Руткоўская падрабязней расказвае пра запланаваныя мерапрыемствы:
— Мы збіраемся арганiзаваць свой уласны “Славянскі базар” накшталт таго, што адбываецца штогод у Віцебску. Таксама ў нас будзе праводзіцца фестываль народаў свету, які адбудзецца ў форме касцюміраванага шоў. Падчас яго атрады падрыхтуюць прэзентацыю розных нацыянальных касцюмаў, традыцый i звычаяў. Акрамя таго, плануем у час гэтай змены правесці конкурс жартаўлівых прадстаўленняў пад назвай “Кінастужка “Ералаш».
Людміла Анатольеўна дадае:
— Мы будзем праводзіць розныя спартыўныя мерапрыемствы, абавязкова арганiзуем гульню “Вадабол”, якая даўно прыйшлася даспадобы нашым выхаванцам. Спецыяльна для рабят з Польшчы з мэтай азнаямлення з Беларуссю і яе гістарычнымі мясцiнамі будуць арганізаваны экскурсіі ў Гродна, Ваўкавыск, Каробчыцы, Жыровічы. Экскурсію па Бераставіцы правядзе метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны РМЦНТ М.І.Пацэнка.
Традыцыйна ў лагеры дзейнічаюць творчыя майстэрні на любы густ, розныя спартыўныя гурткі. Супрацоўнікі РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях таксама завітаюць у лагер: першыя — каб згуляць матч у футбол, другія — каб правесці традыцыйную акцыю “Бяспечнае лета”.
Урачыстае адкрыццё змены адбылося ў мінулы чацвер. На мерапрыемства завіталі і госці: намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве А.М.Рахуба, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.П.Зайцаў, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Т.М.Аксаміт, старшыня райкама прафсаюза агра-прамысловага комплексу В.А.Апон, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.М.Гарнастаеў. Падчас мерапрыемства важатыя давалі клятву сваім падапечным (а дзеці — важатым) наконт таго, як яны абяцаюць паводзіць сябе на працягу змены. Атрады пазнаёмiлі са сваiмi ўласнымi “прадстаўленнямі-візіткамі”, а пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт.
Добры педагічны вопыт у лагеры набываюць студэнты. Ужо 2-ую змену запар тут працуюць важатымі Вера і Любоў Яромічы, Юлія Сунэлік, Кацярына Палубінская. А дыск-жакей Дзмітрый Страпко — студэнт факультэта мастацтваў ГрДУ імя Янкі Купалы — прыязджае ў лагер ужо другі год.
Акрамя насычанай і разнастайнай забаўляльнай праграмы ў лагеры арганiзавана таксама якаснае і разнастайнае харчаванне. Па словах Л.А.Тапарыўскай, кожны дзень дзеці атрымліваюць свежыя фрукты, садавіну і агародніну, а для ўмацавання здароўя перад новым навучальным годам — яшчэ і вітаміны. Дарэчы, адміністрацыя СВК “Макараўцы” на чале са старшынёй М.І. Лохманам праявілі клопат пра дзяцей: на 3-ю змену поўнасцю забяспечылі лагер неабходным запасам бульбы.
Аб тым, якія ўражанні застаюцца ў рабят і іх выхавацеляў з суседняй краіны падчас адпачынку ў лагеры, мы распыталі ў іх саміх…
Якуб, 12 гадоў:
— У лагер “Бераставіцкі” я прыехаў ужо другі раз. З гэтай паездкі мне асабліва запомнілася экскурсія ў музей, што знаходзіцца ў Малабераставіцкай школе.
Караліна, 14 гадоў:
— Я адпачываю тут ужо 4-ы раз. З кожнай паездкі я прывожу шмат прыемных успамінаў і запісаў з тэлефонамі і адрасамі маіх новых сяброў. У гэтую змену я з асаблівым нецярпеннем чакаю Дня моды, бо рыхтую да яго авангардны шлюбны строй з паперы.
Ася Астапчык, выхавальніца
— Я суправаджаю групу з 18-ці дзяцей з Грудка ў рамках ўзаемнага абмену. Дзецям тут адпчываецца вельмі добра, бо для іх праводзіцца шмат забаўляльных мерапрыемстваў і цікавыя экскурсіі. Спадзяюся, што дзецям запомніцца цёплая атмасфера, якая пануе ў гэтым лагеры, і што яны будуць пад-трымліваць сувязь з новымі сябрамі.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ