Беларусь – краіна шматнацыянальная. На яе тэрыторыі жывуць прадстаўнікі розных народнасцей і нацыянальнасцей, якія разам прымнажаюць духоўны і культурны скарб нашай дзяржавы. Добрасуседскія адносіны падтрымліваюць беларусы і з тымі краінамі, з якімі мяжуюць, спалучаючы любоў і пашану да сваёй культуры з павагай і пашанай да культуры іншых народаў. Ведаць і паважаць традыцыі і культуру другіх народаў павінен кожны з нас, бо культура — тое, што робiць чалавека чалавекам, што дае падставу для нацыянальнага самавызначэння i ў той жа час аб’ядноўвае народы, краiны, кантыненты. І вельмі важна пачынаць знаёмства з нацыянальнымі асаблівасцямі іншых народаў у раннім узросце, з самага пачатку фарміравання свядомай чалавечай асобы. Менавіта з гэтай мэтай у гімназіі аг.Пагранічны правялі 18 студзеня “Фестываль нацыянальных культур” для малодшых школьнікаў.
Вучні пачатковых класаў арганізавалі своеасаблівае “свята народаў”, паказаўшы адметныя асаблівасці традыцый і культуры беларускага і суседніх з ім народаў. На працягу пэўнага часу яны старанна рыхтаваліся да мерапрыемства, дасканала вывучаючы тую краіну, якую павінны былі прэзентаваць на фестывалі. А прадстаўлены былі на свяце Беларусь (4”а” клас), Расія (3”а” клас), Літва (4”б” клас), Польшча (2 клас) і Украіна (3”б” клас).
Мерапрыемства пачалося з візітак краін, якія ўдзельнічалі ў фестывалі. Школьнікі расказвалі пра славутасці кожнага краю, яго людзей, прыроду, гісторыю, знаёмілі з культурай і традыцыямі.
У другім конкурсе кожны атрад прадстаўляў нацыянальную страву сваёй краіны. І не проста прадстаўляў, а даваў падрабязны рэцэпт яе прыгатавання, часта спалучаючы яго з тэатралізаваным прадстаўленнем. У журы нават была магчымасць пакаштаваць літоўскія цэпеліны, беларускія дранікі, варшаўскія пончыкі, даведацца шмат чаго новага пра сакрэты прыгатавання ўкраінскага баршча і рускай капусты.
Затым удзельнікі фестывалю дэманстравалі абрады нацыянальных культур. Яны запрасілі гледачоў на літоўскае вяселле, на польскія калядкі, расказалі пра ўсерасійскі дзень сям’і, кахання і вернасці, праспявалі беларускія народныя песні і станцавалі ўкраінскі танец. Малодшыя школьнікі вельмі пастараліся: на свяце можна было пачуць песню на літоўскай мове, верш на польскай, разам з беларускай гучалі руская і ўкраінская мовы.
Фестываль паказаў, што кожны народ адметны, мае свой характар, свае асаблівасці, якія адрозніваюць яго ад іншых народаў, свае нацыянальныя каштоўнасці і ўнікальнасць. Але ў той жа час паміж рознымі народамі многа агульнага, і ў першую чаргу – у нас агульны дом, які трэба разам берагчы, не дапускаючы канфліктаў і войнаў.
Дырэктар гімназіі Іна Кергет падзякавала ўдзельнікам фестывалю за цікавую праграму і выказала надзею, што ён будзе праходзіць штогод, з прыцягненнем большай колькасці ўдзельнікаў, у тым ліку, са старэйшых класаў.
А кожны атрад малодшых школьнікаў за ўдзел у фестывалі атрымаў дыплом у адной з намінацый і салодкі падарунак.
Ірына Міклаш, фота аўтара
Супер! Молодцы ребята из гимназии!Так держать!