Чэрвень прынёс большасці хлопчыкаў і дзяўчынак цудоўны падарунак – пачатак летніх канікулаў. А для выпускнікоў сярэдняй і базавай школы гэта самая напружаная і “гарачая” пара — час здачы выпускных экзаменаў.
Ужо 1 чэрвеня свой першы выпускны экзамен за курс сярэдняй школы здавалі адзінаццацікласнікі, а дзевяцікласнікі распачалі сваю экзаменацыйную пару 2 чэрвеня.
У гімназіі аг.Пагранічны сёлета 11-ы клас заканчваюць 15 выпускнікоў, сярод іх 2 – прэтэндэнты на атрыманне залатога медаля. Гэта Аксана Гаўрылюк і Іван Астроўскі (на фота на пярэднім плане). Дырэктар гімназіі Іна Кергет адзначыла, што патэнцыяльныя медалісты на працягу ўсяго навучання ва ўстанове адукацыі былі выдатнікамі вучобы, удзельнікамі алімпіяднага руху, актывістамі грамадскага жыцця гімназіі, і выказала ўпэўненасць, што і на экзаменах яны пастараюцца пацвердзіць свае веды, атрыманыя на працягу адзінаццаці гадоў.
3 чэрвеня, калі мы завіталі ў гімназію, адзінаццацікласнікі пісалі пераказ па рускай і беларускай мове (на выбар).
Усяго выпускнікам 11-х класаў неабходна здаць 4 экзамены, а вучням 9-х класаў – 3. Працягнуцца выпускныя экзамены да 9 чэрвеня.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара