Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, прайшлі першага верасня ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна.
За школьныя парты сёлета селі 1630 юных бераставічан. З асаблівым хваляваннем упершыню пераступілі школьны парог 167 першакласнікаў. Амаль палову з іх – восемдзесят аднаго першакласніка – прыняла ў свае сцены Вялікабераставіцкая сярэдняя школа.
А вось для 92 адзінаццацікласнікаў устаноў адукацыі нашага раёна гэты год стане апошняй прыступкай у атрыманні сярэдняй адукацыі і завершыць іх навучанне ў школе.
На ўрачыстых лінейках ва ўсіх установах адукацыі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці і шэфы, якія выказалі шчырыя пажаданні вучням і педагогам з нагоды Дня ведаў і пачатку навучальнага года. Самыя маленькія школьнікі атрымалі 1 верасня падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.
Павіншаваць з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года вучняў і настаўнікаў СШ аг.Пагранічны прыехаў кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў. Пасля ўрачыстай лінейкі дырэктар СШ аг.Пагранічны Іна Кергет правяла для Ігара Андрэевіча экскурсію па школе і пазнаёміла з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі.
Першы ўрок ва ўсіх установах адукацыі прайшоў на тэму “Беларусь – мая Айчына”. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на першых уроках педагогі таксама нагадалі школьнікам аб значнай ролі, якую адыграў у сусветнай гісторыі і культуры першадрукар Францыск Скарына, падкрэслілі цесную ўзаемасувязь і арганічнае адзінства славянскіх культурных традыцый.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
***
На ўрачыстай лінейцы ў Масалянскім яслях-садзе-пачатковай школе
Фота Сяргея Хілюты