У чаканні дароў Святога Духа

Лента новостей

29 красавіка моладзь і некаторыя старэйшыя людзі з нашай парафіі прымуць сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання). Што гэта такое і чым павінна стаць для чалавека прыняцце гэтага сакрамэнту?
На пачатку давайце звернемся да Бібліі: “Калі надышоў нарэшце дзень Пяцідзясятніцы, усе разам былі ў адным месцы. Нечакана з неба пачуўся шум, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, у якім яны знаходзіліся. З’явіліся ім таксама як бы языкі полымя, якія раздзяляліся і апускаліся па адным на кожнага з іх. І напоўніліся ўсе Святым Духам і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць” (Дз 2, 1-4). Так аўтар Дзеяў Апосталаў, св. Лука, апісвае першую таямніцу канфірмацыі ў гісторыі Касцёла. Апосталы перажылі нешта асаблівае. Яны былі забраны і ўмацаваны Святым Духам. Перасталі баяцца. Пачалі адкрыта прапаведаваць Евангелле аб Збавіцелі.
У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, №1288 і 1289, чытаем між іншым: “Апосталы, выконваючы волю Хрыста, праз ускладанне рук удзялялі неафітам дары Святога Духа, якія завяршалі ласку хросту. Гэтае ўскладанне рук у каталіцкай традыцыі па праву прызнаецца як пачатак сакрамэнту канфірмацыі. Праз кароткі час да жэсту ўскладання рук дадалі памазанне араматызаваным алеем (хрызмам), каб лепш выразіць дар Святога Духа. Гэта памазанне выясняе назву “хрысціянін”, што значыць “памазанік” і бярэ пачатак ад імя самога Хрыста, якога Бог памазаў Святым Духам” (Дз 10, 38).
Сакрамэнт канфірмацыі ўдзя­ляецца толькі раз ў жыцці і ўдзяляе яго біскуп (у выпадку неабходнасці ён можа даць дазвол зрабіць гэта святару) праз памазанне алеем на лбе, якое выконваецца ра­зам з ускладаннем рук і словамі: “Прымі знак дару Святога Духа”. Знак супакою, які заканчае абрад сакрамэнту канфірмацыі, абазначае касцельную супольнасць з біскупам і ўсімі вернікамі.
Кандыдаты павінны выбраць сабе сведку канфірмацыі. Рэкамендуецца, каб гэта быў адзін з хросных бацькоў.
Эфектам сакрамэнту канфір­мацыі з’яўляецца спецыяльнае напаўненне чалавека Святым Духам, якое прыносіць ласку ўмацавання ў веры і дзейсную прысутнасць у Касцёле. У гэтым сакрамэнце Святы Дух удзяляе таксама моц да распаўсюджвання веры словам і справай, да яе мужнага вызнання і абароны ў выпадку неабходнасці.
Чалавек, напоўнены Святым Духам, становіццца больш свядомым членам Касцёла, які прымае адказнасць за хрысціянскую супольнасць і яе місію ў свеце. Выказваючы сваё ўласнае рашэнне быць вучнем Хрыста, чалавек пацвярджае выбар, які выканалі за яго бацькі і хросныя, калі падчас хросту прасілі Касцёл аб далучэнні яго да хрысціянскай супольнасці.
Хто можа атрымаць сакрамэнт канфірмацыі? Кожны ахрышчаны, які яшчэ не меў гэтага сакрамэнту, гэта своеасаблівы касцёльны атэстат сталасці. З пастырскіх меркаванняў, для лепшага ўкаранення ў хрысціянскім жыцці, сакрамэнт удзяляецца ва ўзросце, калі чалавек ужо свядома выбірае сваю прыналежнасць да Бога. Але трэба памятаць, што прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, неабходна прыступіць да споведзі, каб быць у стане ласкі, ну і, вядома, праз інтэнсіўную малітву падрыхтавацца да прыняцця дароў Святога Духа.
Святы Дух у гэтым сакрамэнце дае чалавеку дары Мудрасці, Розуму, Рады, Мужнасці, Умеласці, Пабожнасці і Боязі Божай. Святы сакрамэнт канфірмацыі адкрывае нам асаблівую сілу для выканання чалавечых заданняў у свеце і ў Касцёле — паглыбляць веру, працаваць для Хрыста, сведчыць і праслаўляць Бога ўсім нашым жыццём. Канфірмацыя пакідае на чалавеку асаблівы знак, які будзе спадарожнічаць верніку усюды, як у зямным жыцці, так і ў вечнасці.
Жадаю ўсім, хто ў хуткім часе атрымае сакрамэнт канфірмацыі, падысці да яго з глыбокім прагненнем Святога Духа і стаць перад Богам з чыстай душой.

а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *