У філіяле “Дзіцячая бібліятэка” ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага” вызначылі лепшых удзельнікаў традыцыйнай конкурснай праграмы “Сонечная палянка летняга чытання”. Пераможцаў конкурсу, які стартаваў 1 чэрвеня, ушанавалі ў аўторак, 30 жніўня.
– Конкурс летняга чытання праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. І ўдзельнічаюць у ім, як правіла, юныя чытачы, якія сябруюць з кнігай з ранняга дзяцінства, – расказвае загадчык філіяла Аксана Кумпель. – Такіх дзетак у гарпасёлку нямала. Некаторыя з іх прыходзяць у бібліятэку з бацькамі,а хтосьці самастойна асвойвае цікавы і таямнічы свет кнігі і чытання. Умовамі кокурсу было прадугледжана наведаць бібліятэку за лета не менш 10 разоў, прачытаць як мінімум 15 кніг, напісаць водгук на твор, які найбольш спадабаўся, адрамантаваць 4-5 бібліятэчных кніжак, зрабіць цікавыя фотаздымкі на тэму “Лета і кніга”, стварыць сваімі рукамі выраб з дэкаратыўна-прыкладных матэрыялаў, адказаць на пытанні віктарыны. Актыўнасць, трэба адзначыць, была нядрэнная. Некаторыя з удзельнікаў конкурсу прыходзілі да нас нават і часцей, наведвалі шматлікія мерапрыемствы, якія праводзілі бібліятэкары падчас школьных канікул.
Найбольшую актыўнасць праявілі Арсеній Сідаркевіч (9 клас), Ірына Лабовіч (4 клас), Раман (4 клас) і Валерыя (2 клас) Касуравы, Ганна Зязюля (5 клас). Менавіта гэтыя чытачы прызнаны пераможцамі конкурсу. Яны ўзнагароджаны граматамі і пазнавальнымі энцыклапедыямі.
Арсеній Сідаркевіч. Я пастаянна ўдзельнічаю ў гэтым конкурсе. Мне найбольш падабаецца чытаць кнігі гістарычнага характару, драматычнага жанру, напрыклад, Шэкспіра “Рамэо і Джульету”, Тургенева “Асю”, Пушкіна “Яўгеній Анегін”. Пушкін увогуле мой любімы паэт, паэт на ўсе часы. І нельга нават і параўнаць чытанне з электроннага носьбіта з кнігай, да таго ж ілюстраванай малюнкамі. Гэта асаблівае адчуванне.
Раман і Валерыя Касуравы. Вельмі любім наведваць дзіцячую бібліятэку. Асабліва падабаецца нам знаёміцца з энцыклапедыямі пра жывёльны і падводны свет. А яшчэ шмат чытаем з мамай і татам па вечарах і выхадных днях.
Ганна Зязюля. Акрамя класічных твораў, вельмі люблю чытаць прыгодніцкія дэтэктывы для дзяцей, гумарыстычныя апавяданні.
Ірына Лабовіч. Увогуле, люблю чытаць. Асабліва мне падабаецца літаратура беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Старонку падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА