У Старым Дворцы адзначылі Сёмуху

Культура

Фальклорнае свята “Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу” прайшло ў нядзелю, 27 мая, у аграгарадку Стары Дворац. Жыхары і госці аграгарадка  змаглі далучыцца да прыгожага вясновага абраду, паслухаць народныя песні, пакаштаваць традыцыйную сёмушную яешню і ўдосталь павесяліцца, прыняўшы ўдзел у прапанаваных гульнях і забавах.

Чацвёрты год работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства – аграфірмы “Стары Дворац” ладзяць фальклорнае свята Сёмухі. Тут яно ўжо прыжылося і стала папулярным.

Сёмуха, Троіца, Зялёныя святкі – менавіта так называюць беларусы свята Троіцы. Гэты дзень  у даўнія часы з’яўляўся адным з самых важных святаў народнага календара. Фальклорныя традыцыі захавалі для нас прыгожыя абрады, звязаныя са святкаваннем Троіцы. “Завіванне” бярозкі, “кумленне”, “ваджэнне куста”, віццё вянкоў, варажба на шлюб, упрыгожванне хаты і гаспадарчых пабудоў галінкамі бярозкі — усё гэта мела на мецэ паўплываць на плодныя сілы зямлі. У форме тэатралізаваных вясковых замалёвак, якія выканалі дарослыя ўдзельнікі тэатра мініяцюр і ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Дударочкі” філіяла, адбылося знаёмства з асноўнымі рытуаламі ў святкаванні Сёмухі  і з аўтэнтычнымі траецкімі песнямі, характэрнымі менавіта для гэтай мясцовасці. Выступіў таксама старадварэцкі фальклорны калектыў “Вечарына”.

Традыцыйна на Сёмуху ў Стары Дворац з’язджаюцца фальклорныя калектывы нашага і суседніх раёнаў. Сёлета сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі падзяліліся жаночая вакальная група “Натхненне” з аг. Пагранічны, фальклорныя калектывы  “Вясёлка” з аг. М. Бераставіца і “Вясёлая бяседачка” з аг. Алекшыцы, фальклорны гурток “Надзея” з в. Пыхоўчыцы, пархімаўскі гурток аматараў фальклору “Бабуліна скрынка”, народныя ансамблі народнай песні “Бераставіцкія музыкі”  і польскай песні “Стокроткі” з аг. Макараўцы. Парадавалі слухачоў пранікнёнымі вакальнымі нумарамі трыо “Чараўніцы” з Вярэйкаўскага Дома культуры і народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха” Зельвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Зэльвенскі народны тэатр-студыя гульні “Пагуляначкі” і каларытныя Васіль і Гандзя – салісты народнага тэатра гульні “Анфас” з Квасоўкі – прапанавалі для дзяцей і дарослых вясёлыя забавы і конкурсы.

Дарэчы, на свяце працавалі дзіцячыя атракцыёны Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дзейнічала выстава-продаж дэкаратыўных вырабаў Бераставіцкага Дома рамёстваў.

Дзень 27 мая выдаўся сонечным і спякотным – так лета паступова ўступае ў свае правы. Святкаваннем Сёмухі, якая сімвалізуе новае жыццё, надзею на шчасце і багаты ўраджай, у Старым Дворцы развіталіся з вясной і ў чарговы раз упэўніліся ў неабходнасці захавання гэтага прыгожага фальклорнага абраду.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 

Больше фото по ссылке https://yadi.sk/d/Hk6PzXtD3WbxoB

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *