У Старадварэцкім яслях-садзе-базавай школе для дашкольнікаў створана прадметна-развіваючае асяроддзе

Лента новостей Образование

1У дзіцяці дашкольнага ўзросту ёсць тры асноўныя запатрабаванні: у руху, зносінах, спазнанні. Мы паспрабавалі арганізаваць асяроддзе так, каб у дзіцяці быў самастойны выбар: з кім, дзе, як, у што гуляць. Зыходзячы з умоў, уся прадметная прастора першай рознаўзроставай групы Старадварэцкага ясляў-саду-базавай школы падзелена на куткі: куток рухальнай актыўнасці, куток творчасці, куток гендарнага выхавання, куток кнігі, гульнявы куток. Усё абсталяванне размешчана па тэматычным прынцыпе для таго, каб кожнае дзіця магло знайсці сабе занятак па душы.
У кутку рухальнай актыў­насці ёсць мячы, абручы, кеглі, флажкі, а таксама дапаможнікі, неабходныя для правядзення ранішняй гімнастыкі. Прадметны інвентар кутка выкарыстоўваецца ў рухомых гульнях на свежым паветры і гульнях у групе, у індывідуальнай і вольнай дзейнасці.
Для кутка творчасці адведзена самае светлае месца ў групе. Тут ёсць фламастары, крэйды, наборы алоўкаў, пластылін, папера для малявання, паралон, лісце, гуаш і пэндзлі. Дзеці з задавальненнем малююць у розных тэхніках. Гэта дазваляе развіваць у іх цікавасць да творчасці, фарміруе эстэтычнае ўспрыманне, уяўленне, самастойнасць.
У кутку кнігі падабраны наборы прадметных і сюжэтных малюнкаў. Дзеці любяць, калі мы чытаем кнігі і разглядаем малюнкі. Кнігі пастаянна змяняюцца, выстаўляюцца ілюстрацыі да казак. Гутаркі пад час чытання спрыяюць фарміраванню актыўнага маўлення. З мэтай папаўнення кніжнага кутка традыцыйнай стала акцыя для дзяцей і бацькоў «Падары дзіцячаму саду кнігу».
Гульнявы куток стварае ўмовы для творчай дзейнасці дзяцей, развівае фантазію, фарміруе гульнявыя ўменні і навыкі, выхоўвае сяброўскія ўзаемаадносіны паміж дзецьмі. Дашкольнікі не толькі знаёмяцца з новымі для іх прадметамі, але і вучацца дзейнічаць з імі, пераносяць атрыманыя веды і навыкі ў паўсядзённае жыццё. У дадзеным кутку знаходзяцца атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Такі падзел цацак спрыяе і гендарнаму выхаванню.
Куток прыроды размешчаны ля акна. Тут створаны ўмовы для догляду і назірання за пакаёвымі раслінамі. У кутку таксама зна­ходзіцца міні-гарод. Разам з дзецьмі высаджваем гародніну і назіраем за яе ростам, даглядаем за раслінамі.
У кутку таксама змешчаны муляжы садавіны і гародніны, прыродны матэрыял (шышкі, жалуды, ракушкі і г.д.), наборы паштовак з кветкамі, жывёламі.
Для фарміравання ў дзяцей цікавасці да даследчай дзейнасці, уяўленняў пра прыроду і ў мэтах развіцця іх інтэлекту, у кутку прыроды створана маленькая лабараторыя. Пры правядзенні нескладаных вопытаў дзеці ператвараюцца ў дапытлівых даследчыкаў. Мы разам вызначаем уласцівасці вады, пяску. Для эксперыментальнай дзейнасці набыта абсталяванне, якое дазваляе ў больш даступнай форме пазнаёміць дашкольнікаў з гэтым відам дзейнасці. Перыядычна папаўняецца калекцыя прыроднага матэрыялу: шышкі, жалуды, каменьчыкі, лісце дрэў, якія выхаванцы збіраюць пад час прагулак і экскурсій.

Вера Тоўкач, выхавальнік дашкольнай адукацыі
Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *