У скарбонку здабыткаў роднай Бераставіччыны

Лента новостей

Мы не ўяўляем свайго жыцця без духмянага хлеба на нашым стале, які сапраўды “усяму галава”, мясной і малочнай прадукцыі, агародніны… Усё гэта плён руплівых рук нашых вяскоўцаў, сапраўдных гарантаў харчовай бяспекі краіны. Да свайго прафесійнага свята, якое даўно ўжо стала народным, у гэтым годзе аграрыі Бераставіцкага раёна падышлі са значнымі дасягненнямі.
Стаўка на павышэнне культуры земляробства і сучасныя тэхналогіі прыносіць добрую аддачу. Парадаваў рапс. Калі леташні валавы збор гэтай выгаднай культуры быў 4 тысячы 135 тон, дык у гэтым годзе – 7 тысяч 376. Ураджайнасць рапсу павысілася з 16,2 цэнтнераў з гектара да 26,9. Больш чым на 5 тысяч тон збожжа сабралі сёлета хлебаробы Бераставіччыны ў параўнанні з мінулым годам, а валавы збор з кукурузай перавысіў 118 тысяч тон. З 9 тысяч 200 тон да 12 тысяч 262 павялічыўся збор бульбы, а сярэдняя ўраджайнасць другога хлеба ўзрасла з 283 да 407 цэнтнераў з гектара. Прыкладна на 40 тысяч тон больш чакаецца сабраць цукровых буракоў. А для патрэб жывёлагадоўлі на адну ўмоўную галаву нарыхтавалі травяных кармоў 27,7 цэнтнера кармавых адзінак.
Па выніках за 9 месяцаў гэтага года наш раён па надою на карову заняў першае месца ў вобласці, другое ў рэспубліцы. А за 10 месяцаў надой на карову дасягнуў 5814 кілаграмаў, што на 374 кілаграмы больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Наперадзе важная задача. Да канца года жывёлаводы раёна будуць імкнуцца выйсці на сямітысячны надой. Вельмі прыемна, што СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы”, “Масаляны” і аграфірма “Стары Дворац” паставілі сабе яшчэ больш складаную задачу – пераўзысці васьмітысячны рубеж. Вялікая ўвага на Бераставіччыне надаецца і якасці малака. Радуе, што каля 90% дойнага статку ўтрымліваецца па новых тэхналогіях. Гэта адзін з самых дастойных паказчыкаў у вобласці і рэспубліцы.
Стабільна працуе раён па павялічэнні валавой і сярэднясутачнай прывагі буйной рагатай жывёлы. За 10 месяцаў рост “валу” склаў 108% у параў-нанні з леташнім такім перыядам, а сярэднясутачная прывага павялічылася на 27 грамаў і дасягнула 784. Гэта самы лепшы паказчык па вобласці. Сапраўдны гонар раёна – комплекс па адкорму і дарошчванні буйной рагатай жывёлы ў СВК “Алекшыцы”. Ён нязменна сярод лідараў у рэспубліцы.
Свініна – наш традыцыйны нацыянальны прадукт. І тут аграрыі Бераставіччыны паказваюць сябе з лепшага боку. Сярэднясутачная прывага па раёне за 10 месяцаў павялічылася на 2 грамы ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам і дасягнула 583 грамы. Радуе свінагадоўчы комплекс СВК імя Варанецкага — ён адзін з лепшых на Гродзеншчыне.
Пажадаем нашым аграрыям моцнага здароўя, шчасця, спрыяльнага надвор’я, новых поспехаў і ўдач!

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *