У СВК “Цецяроўка” стараюцца ісці ў нагу з часам. Тут робіцца стаўка на перспектыўны напрамак — развіццё малочнай жывёлагадоўлі. Вытворчасць малака выгадная, яно заўсёды будзе запатрабаваным. Малочнатаварны комплекс “Рудаўляны” здалёк звяртае на сябе ўвагу сваім сучасным ахайным выглядам. У яго будаўніцтва былі ўкладзены вялікія сродкі, але такія праекты паступова акупаюцца пры захаванні новых тэхналогій і старанні людзей. Тэрыторыя комплекса агароджана, каб туды не змаглі трапіць лісы з навакольных лясоў і іншыя дзікія жывёлы, якія могуць разносіць небяспечнае захворванне – шаленства. У вобласці былі выпадкі, калі гаспадаркі неслі вялікія страты з-за гэтага.
Мне давялося пагутарыць з працаўнікамі жывёлаводчага аб’екта. Слесар Уладзімір Млёнік працуе на комплексе з самага яго адкрыцця, у полі яго зроку спраўнасць малочнага абсталявання. Даільная зала тут сучасная, аўтаматыка вельмі дапамагае вытворчаму працэсу. Працуе слесар па зменах, разам з аператарамі машыннага даення сочыць, каб тэхналагічны працэс быў на належным узроўні.
А жывёлавод Людміла Будніцкая родам з Брэста, у маладосці працавала на камбінатах лёгкай прамысловасці ткачыхай. Але лёс закінуў яе ў нашы мясціны – яна выйшла замуж. Адпрацавала 26 гадоў на свінакомплексе аператарам, зараз працуе на малочнатаварным. Пра спецыфіку работы гаворыць лаканічна: “І там на нагах, і тут”. Жывёлавод чысціць гумавыя дыванкі ў кароў, падсоўвае ім бліжэй кармы, каб кожная карміцелька, а іх у жанчыны 380, добра наелася і давала многа малака, бо малако, як вядома, у каровы на языку. У такой працы вельмі важная дасціпнасць і ахайнасць, бо пастаяннага “кантралёра” тут не прыставіш. Сумленны, спагадлівы і нераўнадушны чалавек, а менавіта такім і з’яўляецца наша непрыкметная гераіня, пра кожную кароўку клапоціцца, як пра сваю ўласную.
Жывёлавод Тамара Лыч працуе ў другім кароўніку, таксама ўсё стараецца зрабіць, як мага лепш. У яе такія ж абавязкі, як і ў калегі па працы. Яна прыехала ў СВК “Цецяроўка” з Пархімаўцаў. Два гады працавала паляводам, даводзілася ёй і камяні збіраць. Работа гэтая вельмі нялёгкая, але пра любы занятак, які дае хлеб надзённы, Тамара гаворыць: “Калі чалавек умее рабіць, дык усюды будзе рабіць”. Сапраўды, сцвярджэнне гэтае па-народнаму мудрае – працавітага чалавека ўсюды пазнаеш, можна вобразна сказаць, што ён “працуе прыгожа”. У гаспадарцы сям’і далі дом з прысядзібным участкам, які гаспадыня ўпрыгожыла ружамі і іншымі яркімі кветкамі. Тамара трымае жывёлу, у яе ёсць нават два адметныя персідскія каты.
Заатэхнік-селекцыянер Ірына Андрэеева мясцовая. Яна стараецца, каб планамерна раскрываўся генетычны патэнцыял жывёлы, раслі надоі. Спецыяліст сочыць, каб рагуль добра кармілі і даглядалі. А ў вольны час Ірына любіць займацца выпечкай.
Брыгадзір Іна Кардаш родам з Гродна, павучылася і ў гарадской школе, затым яе бацькі пераехалі сюды. Зараз яна завочна набывае адукацыю ў Навагрудскім каледжы. У полі зроку брыгадзіра ўвесь тэхналагічны працэс, а гэта вельмі няпроста. У мінулым годзе на гэтым малочнатаварным комплексе пачало з’яўляцца малако гатунку “экстра”. Вышэйшым гатункам за студзень гэтага года тут здалі 98 працэнтаў малака. Надой на карову склаў 544 кілаграмы.
Безумоўна, у малочнай жывёлагадоўлі дасягнуць выдатных вынікаў няпроста. Трэба вельмі старацца, каб атрымліваць высакаякасную сыравіну і нарошчваць “вал”. Строгае захаванне тэхналогій – залог поспеху. Людзі стараюцца, і работа іх вельмі нялёгкая. Няхай спадарожнічае ім моцнае здароўе, добры бадзёры настрой, папаўняюцца малочныя рэкі, расце дабрабыт кожнага працаўніка.
Ніна Наддэ, фота аўтара