“Харчовыя войны” паміж краінамі пачынаюцца і спыняюцца, а ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, нягледзячы на “дробныя непрыемнасці”, застаецца. Пад беларускую прадукцыю ўжо нават робяць фальсіфікаты, што таксама сведчыць пра тое, што яна якасная і карыстаецца трывалым попытам. А колькі мы бачылі па тэлебачанні апытанняў простых расіян, многія з іх аддаюць перавагу менавіта нашым вырабам. Беларуская “малочка” адметная. Яна заваёўвае ўсё новыя рынкі, перамагае на міжнародных выстаўках і конкурсах, таму нарошчваць выпуск сыравіны выгадна. Наш раён зарэкамендаваў сябе на Гродзеншчыне і ў рэспубліцы як моцны, дзе дынамічна развіваецца жывёлагадоўля.
У СВК «Цецяроўка» таксама робяць стаўку на павелічэнне вытворчасці малака. За мінулы год малочны “вал” тут склаў 7878 тон, што на 760 тон больш, чым у 2013 годзе. Гэта амаль 111 працэнтаў росту. Надой на карову павялічыўся на 396 кілаграмаў і дасягнуў 5639 кілаграмаў. Здаецца, што на фоне самых перадавых гаспадарак Бераставіччыны гэтая лічба не такая ўжо і высокая. Але ў параўнанні з многімі сельгаскааператывамі рэспублікі такі паказчык дастойны. Нямала яшчэ вельмі пасрэдных гаспадарак, дзе надоі амаль удвая меншыя.
А за 2 месяцы гэтага года ў параўнанні з такім жа часам мінулага года ў СВК “Цецяроўка” валавы надой узрос на 194 тоны і дасягнуў 1395 тон. Рост вызначаецца на ўзроўні больш, чым 116 працэнтаў. Ад каровы надаілі на 92 кілаграмы малака больш, на 94 цяляці павялічыўся агульны статак. Раскрываецца генетычны патэнцыял жывёлы.
Новыя тэхналогіі і малочнатаварны комплекс “Рудаўляны” даюць добрую аддачу. Комплекс працуе ўжо трэці год. У мінулым годзе ад каровы тут надаілі 6034 кілаграмы малака, што на 442 кілаграмы больш, чым у 2013 годзе. А “вал” павялічыўся на 407 тон і дасягнуў 4789 тон. Рост перавысіў 109 працэнтаў.
Умовы працы на новых комплексах непараўнальныя з тымі, што былі на ранейшых фермах. Прыемна, што сюды ідуць працаваць маладыя і нават ствараюцца дынастыі. Таццяна Андрушэвіч (на здымку) вучылася прафесіі аператара машыннага даення ў сваёй мамы Валянціны Іванаўны, а зараз працуе вахцёрам на комплексе. Месцам сваёй работы задаволеная. Вёску на горад не прамяняе, на малой радзіме яна сапраўды знайшла свой лёс. І сапраўды, мясціны тут маляўнічыя, прыгожыя, побач цудоўныя лясы з ягадамі і грыбамі.
А заробкі аператараў машыннага даення напрамую залежаць і ад якасці малака. Так што ў жывёлаводаў СВК “Цецяроўка” яшчэ ёсць рэзервы.
Хочацца спадзявацца, што сыравіны гатунку “экстра” ў раёне будзе больш. За яе добра плацяць. І нездарма – гэта малако амаль еўрапейскай якасці. Атрымліваць яго – справа гонару нашых землякоў. Калісьці і падумаць аб такіх высокіх стандартах было немагчыма. А зараз пры належным захаванні тэхналогій такая мэта дасягальная ў любой з гаспадарак.
Ніна Наддэ,
фота аўтара