У СВК “Пархімаўцы” маладыя спецыялісты замацоўваюцца

Лента новостей

IMG_0014У маладосці горы можна звярнуць, гавораць людзі. І гэта сапраўды так, таму што маладыя сілы даюць і незвычайную бадзёрасць, і вялікую радасць жыцця, і моцнае задавальненне, калі задуманае ўдаецца. Асабліва гэта датычыцца самарэалізацыі ў прафесіі. У гаспадарках Бераставіччыны замацоўваюцца кадры, і гэта сведчыць аб тым, што рэзервы для далейшага росту не вычарпаны.
У СВК “Пархімаўцы” ёсць удалыя прыклады не толькі такога замацавання, але і росту маладога спецыяліста ў прафесіі. Ранейшы аграном-насеннявод Вольга Гурская са студзеня гэтага года ўжо стала галоўным аграномам, а такую адказную пасаду давераць толькі дасведчанаму і стараннаму чалавеку, які пастараўся добра зарэкамендаваць сябе. У парадку ў яе былі і склады, і дакументацыя, не раз прыязджалі праверкі, нават рэспубліканская, і адзначалі, што ўсё робіцца як след.
На гэтым тыдні мне давялося сустрэцца з Вольгай чарговы раз. Гаварыць з ёю заўсёды цікава. Яшчэ не так шмат часу прайшло з таго хвалюючага дня, калі дзяўчына з новенькім “свежаспечаным” дыпломам прыехала ў гэтую гаспадарку. У яе багаты кругагляд, яна цікавіцца ўсім новым і перадавым. У век Інтэрнэту ўжо зусім не абавязкова звяртацца ў спецыялізаваныя бібліятэкі, любая навуковая інфармацыя стала больш даступнай. А штодзённая практыка разам з тэарэтычнымі ведамі адказнага чалавека прыносіць добрыя вынікі. Вядома, як і ў кожнага чалавека, бываюць ў Вольгі турботы і няўдачы, але выратоўвае тое, што па натуры яна аптыміст.
— Глеба ў нас у многіх месцах цяжкая, суглінкі, — расказвае галоўны аграном. – На некаторых участках пасевы вымакаюць. Каб справіцца з праблемнымі палямі, напрыклад, некалькі гадоў таму купілі машыну “Раса”, якая добра манеўруе там, дзе вільготна.
Сяўбу яравых збожжавых у СВК “Пархімаўцы” правялі ў вызначаны тэрмін, палявыя работы, калі не перашкаджаюць дажджы, ідуць, як запланавана. Пад цукровыя буракі тут адведзена 250 гектараў, насенне добрае. Кукурузы трэба пасеяць 614 гектараў, з іх на зерне – 310.
— Гатункі “каралевы палёў” на сілас і зерне адрозніваюцца? – цікаўлюся. – Часта даводзіцца бачыць, што кукуруза бывае вельмі розная. Адна высокая, як лес, і магутная, другая значна ніжэйшая. А пачаткі бываюць буйныя і на той, і на другой.
— Так, гатункі розныя. Для кукурузы на зерне выкарыстоўваем французскае насенне, для той, што вырошчваецца на сілас,– украінскай і беларускай селекцыі. Усё яно добрае. Пры нарыхтоўцы сіласу важная агульная маса раслін.
Азімы рапс у СВК “Пархімаўцы” ужо падкармілі. Цяпер актуальная задача — яго ахова ад шкоднікаў. Вольга на прыгожым зялёным рапсавым полі паказала мне, як дзейнічае адмысловая нямецкая пастка для кантрольнай лоўлі кветаеда. Такі кантроль патрэбны для таго, каб вызначыць, ці шмат шкоднікаў на полі. Калі парог пераўзыдзены, ураджай можа быць літаральна з’едзены яшчэ ў завязі, і абавязкова патрэбна апрацоўка. А пастка прадстаўляе сабой спецыяльную ёмістасць яркага жоўтага колеру, якую трэба напоўніць мыльнай вадой. Мыла наверсе стварае тонкую плёнку, і выбрацца з яе шкоднік ужо не можа. Цікава, што пастка гэтая яркага жоўтага колеру, такога, як і будучыя кветкі рапсу, таму “падманвае” IMG_0007і прыманьвае кветаеда. Мы разам з Вольгай агледзелі, якая туды трапілася здабыча. Так, кветаеды там былі, значыць неўзабаве трэба і апрацоўваць гэтую культуру. Прыемна было паглядзець, як працуе на падкормцы азімых малады механізатар Васіль Сяпееў. Хлопец мясцовы, закончыў ліцэй у Вялікай Бераставіцы, адслужыў у арміі і вярнуўся на малую радзіму, у родную гаспадарку. Норму трактарыст выконвае, яму даручаюць розныя віды работ.
— А якая з іх лягчэйшая? – пацікавілася.
Адказ мне спадабаўся:
— Калі ўмееш, дык усё лёгка!
Добра, калі ў маладых такая жыццёвая пазіцыя.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *