У СВК “Малабераставіцкі элітгас” развіваецца вытворчасць малака

Лента новостей

IMG_1848Вытворчасць малака зараз вельмі выгадная. Калі і здараюцца раптам часовыя цяжкасці ў некаторых перапрацоўчых прадпрыемстваў з рэалізацыяй харчовай прадукцыі з Беларусі на экспарт, дык гэта яўна не на карысць простым людзям з краін — партнёраў. Як правіла, «здравый смысл» і апрабаваны дзесяцігоддзямі гандаль перамагаюць, і тады ўсё вяртаецца ў канструктыўнае ўзаемавыгаднае рэчышча. Пры розных абставінах любы добры гаспадар праяўляе сябе ўвішным, шукае новыя варыянты, спяшаецца скарыстацца спрыяльнай кан’юнктурай рынка там, дзе гэта магчыма, імкнецца нарошчваць выпуск каштоўнай прадукцыі, якая прыносіць добрыя грошы. Аграпрамысловы сектар краіны і далей зацікаўлены ў якаснай сыравіне.

Бераставіцкі раён з кожным годам умацоўвае свае пазіцыі на фоне вобласці і рэспублікі. СВК “Малабераставіцкі элітгас” – адна з перспектыўных гаспадарак на Бераставіччыне, дзе добра развіваецца малочная жывёлагадоўля. Ужо зараз з упэўненасцю можна меркаваць, што гэты год будзе ўдалы. Валавы надой у сельгаскааператыве за 11 месяцаў дасягнуў 8094,2 тоны, што на 7,2 працэнта больш, чым за такі ж леташні час. Надой на карову з пачатку года складае 6683 кілаграмы, што на 304 кілаграмы больш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд. На 50 рагуль тут узбуйнілі дойны статак, але валавы надой павялічваўся і без гэтага за кошт якасных кармоў, аптымізацыі сістэмы кармлення, недапушчэння страт і збалансавання рацыёнаў жывёлы, а таксама таму, што людзі тут зацікаўлены ў паляпшэнні эканамічных паказчыкаў, бо гэта для іх яшчэ адна важкая “цаглінка” у падмурак дабрабыту агульнай гаспадаркі і адпаведна саміх працаўнікоў.
Малочная жывёлагадоўля ў СВК “Малабераставіцкі эліт­гас” прадстаўлена трымя малочна­таварнымі фермамі. На ферме “Малая Бераставіца” ўтрымліваецца найбольш кароў — 470, у Кулях – 360, у Дзіневічах – 350. Ад маральна састарэлых метадаў даення тут даўно пазбавіліся, своечасова ўкаранілі новыя сучасныя тэхналогіі. Гэта быў трывалы этап наступных дасягненняў. Менавіта клопат пра нашых спрадвечных сялянскіх малочных карміцелек прынёс свой плён, ды і цяжкая ручная праца аператараў машыннага даення нарэшце адышла ў нябыт. Сучасныя эфектыўныя даільныя залы зрабілі прафесію аператара машыннага даення зусім няцяжкай. Тут толькі патрабуецца добрасумленнасць, дасціпнасць і строгае выкананне адпаведных правіл. Такая прафесія прыносіць годны заробак, яна вельмі паважаная сярод нашых аграрыяў. Неаднаразова мне даводзілася чуць эмацыянальныя аповеды жанчын, чые мамы ці сваячкі былі даяркамі. Некалькі дзесяцігоддзяў таму яны і марыць не маглі, што гэты працаёмкі працэс набудзе своеасаблівую стройную сістэму і прыгажосць, а галоўнае, прынясе такі вялікі клопат пра жывёлу, каб яна не хварэла. Вымя кожнай кароўкі старанна апрацоўваецца супраць небяспечных мікраарганізмаў – носьбітаў захворванняў, малако добра здойваецца, таму пры належным доглядзе і ўтрыманні рагуля спаўна аддзячыць высокімі надоямі. На любой ферме ёсць свае малочныя рэкардсменкі, і задача аграрыяў у тым, каб іх станавілася больш. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пільна сочыць за сітуацыяй у малочнай жывёлагадоўлі рэспублікі, і вельмі прыемна, што Бераставіччына пастаянна сярод лепшых раёнаў. Вядома, у кожным сельгаскааператыве ёсць свае складанасці і цяжкасці, напрыклад, звязаныя з пастаянным ростам цэн, імкненнем скараціць выдаткі. Нялёгкія працоўныя будні суправаджаюць сельскую гаспадарку, але як прыемна, калі дакладныя лічбы адлюстроўваюць дынамічны рост вытворчасці. Гэта сведчыць аб тым, што ў сельгаскааператыве працуюць дасведчаныя спецыялісты, якія кантралююць захаванне тэхналогій. Радуе і тое, што моладзь ідзе ў сельскую гаспадарку.
Малочнатаварныя фермы ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” пастаянна спаборнічаюць паміж сабой. Яны не сапернічаюць, а арганічна дапаўняюць адна адну, бо менавіта з іх трох рэчышчаў цячэ адзіная багатая “малочная рака”. Самы высокі надой на карову зараз на малочнатаварнай ферме “Малая Бераставіца” – 7292 кілаграмы, затым ідуць “Кулі” – 6746 кілаграмаў, затым “Дзіневічы” – 5860 кілаграмаў. А вышэйшым гатункам па гаспадарцы за 11 месяцаў здадзена 92,1 працэнта малака, на 1,8 працэнта больш, чым летась. У лідарах па якасці сыравіны малочнатаварная ферма “Кулі” – 98,8 працэнта малака прададзена вышэйшым гатункам. Стараюцца і ў “Дзіневічах” – 90,5 працэнта. На малочнатаварнай ферме “Малая Бераставіца” такі паказчык – 88,2 працэнта. Вядома, трэба старацца і далей. Жывёлаводы ставяць перад сабой сур’ёзную задачу – узняцца да каштоўнай сыравіны “экстра”. Гэта вельмі нялёгка, таму што малако трэба будзе здаваць амаль ідэальнае, але трапная народная прымаўка кажа, што дарогу асіліць той, хто ідзе, а не стаіць на месцы. Стымулам для гэтага з’яўляецца матэрыяльнае заахвочванне – за высокаякасную сыравіну добра плацяць.
Дзяржава ідзе насустрач вытворцам – закупачныя цэны “рублём” стымулююць старанне аграрыяў. Выручка ад рэалізацыі малака за 11 месяцаў гэтага года ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” дасягнула 36,9 мільярда рублёў, што на 23,2 мільярда рублёў больш, чым за такі мінулагодні перыяд. Прыбытак “пацягнуў” амаль на 10 мільярдаў рублёў. Усё гэта стала магчымым, дзякуючы эфектыўнаму прадуманаму гаспадаранню, своечасовай нарыхтоўцы кармоў, збалансаванаму кармленню жывёлы і “чалавечаму фактару” — майстэрству жывёлаводаў. Радуе таксама, што на адну ўмоўную галаву жывёлы сёлета нарыхтавана амаль у два разы больш кармоў, ёсць запас, таму можна і далей нарошчваць выгадную вытворчасць.
Моцны сельгаскааператыў прывабны для маладой змены. Намеснік старшыні СВК “Малабе­раставіцкі элітгас” па жывёла­гадоўлі Міхаіл Болбат і галоўны заатэхнік Андрэй Занеўскі (на здымку), нягледзячы на сваю маладосць, праявілі неардынарны характар і сілу волі – сапраўдныя мужчынскія якасці. Яны нераўнадушныя да сваёй справы і сельскай гаспадаркі людзі, таму і заслужылі шчырую павагу ў калектыве. Стаўка тут робіцца на працу ў камандзе, што апраўдвае сябе.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *