У СВК “Макараўцы” стараюцца, каб тэхніка не падводзіла

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_0014Вясна паклікала ў поле. Каб правесці сяўбу яравых у аптымальны тэрмін, ва ўсіх гаспадарках Бераставіччыны загадзя і своечасова паклапаціліся пра гатоўнасць тэхнікі. Зараз аграрыі займаюцца звычайнымі сваімі паўсядзённымі справамі. Вось і загадчык майстэрні “Пачобуты” СВК “Макараўцы” Рышард Аўдзей, калі я туды прыехала, быў заняты тымі клопатамі, якія заўсёды знаходзяцца ў людзей, якія прысвяцілі сябе працы на зямлі. Загадчыкам майстэрні працуе з 1975 года, таму тут ён — сапраўдны руплівы гаспадар. Мясціны вакол маляўнічыя, прыгожыя, шырокія палі радуюць вока. Каля майстэрні насаджаны хвойныя дрэўцы. Тэхніку Рышард Іосіфавіч любіць з дзяцінства, а вывучыўся на тэхніка-механіка ў Жыровіцкім тэхнікуме. Пасля вучобы юнак вярнуўся ў родныя мясціны і працаваў спачатку трактарыстам. Было гэта ў далёкім 1968 годзе, і першы “жалезны конь” яго быў звычайны айчынны трактар. Аднак у адрозненне ад многіх успамінае яго Рышард Іосіфавіч добрым словам, таму што надзейная тэхніка яго не падводзіла, а праца хлопцу была ў радасць. Малады чалавек тады добра зарэкамендаваў сябе ў гаспадарцы, нормы выконваў і перавыконваў. Працаваў ён на розных відах работ, стараўся асвойваць земляробчыя тонкасці і выдатна спраўляўся. Затым перасеў Рышард у час жніва і на камбайн, іх таксама за шмат гадоў памяняў нямала. За штурвалам СК-4, СК-5, “Дона”, “Ліды” і “Ме­гі” адмалаціў камбайнер аж 40 сезонаў. На апошнім, а была гэта імпартная “Мега”, адпрацаваў 6 сезонаў. Запомніўся яму гэты камбайн як самы камфортны.
Зараз майстэрня багатая на розную тэхніку. Ёсць тут імпартны трактар “Джон Дзір”, айчынныя пагрузчыкі “Амкадор” і трактары МТЗ.
— Рамонт не заўсёды ішоў гладка, — расказвае Рышард Іосіфавіч,- здараліся цяжкасці з фінансамі.
Але як прыемна было яму і іншым працаўнікам, калі з прыходам ранняй вясны нядаўна выехаў у поле энерганасычаны магутны трактар “Джон Дзір” з культыватарам. На гэтым участку культывацыяй займаўся вопытны механізатар Віктар Ляховіч, які з года ў год з самага лепшага боку праяўляе сябе і на жніве.
— Калектыў у нас добры, — гаворыць далей Рышард Іосіфавіч. – Усе майстры сваёй справы, я імі задаволены. Механізатары старанныя, любяць свой занятак, валодаюць новымі тэхналогіямі апрацоўкі глебы, якасць работ у іх належная.
Мне прыемна было ўбачыць, што загадчык майстэрні па натуры аптыміст, адчувае маральнае задавальненне ад сваёй работы, умее пазітыўна паўплываць на свой калектыў, падбадзёрыць.
Незаменны ўклад у пад­рыхтоўку і рамонт тэхнікі электрагазазваршчыка Анатолія Поця. Ён закончыў у свой час прафтэхвучылішча ў Гродне і ўжо 21 год займаецца такой неабходнай тут зварачнай справай. Рышард Іосіфавіч шчыра пры мне пахваліў гэтага чалавека.
Пачынаецца гарачая напружаная пара ў сельгаскааператыве. Хочацца пажадаць усім працаўнікам палёў бадзёрасці і добрага надвор’я.
Ніна Наддэ, фота аўтара

На здымку: Рышард Аўдзей і Анатолій Поць



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *