У СВК “Алекшыцы” стаўка робіцца на валавы надой і якасць малака

Лента новостей

img_7601Валавы надой малака – гэта адзін з кардынальных паказчыкаў, па якому можна меркаваць, як развіваецца галіна. Па даных “Сельскай газеты”, калі ў 1991 годзе за год у краіне атрымалі 5 мільёнаў тон малака, у 2015 годзе – больш за 6 з паловай мільёнаў тон, дык у 2020 годзе плануецца надаіць 9 мільёнаў тон запатрабаванай сыравіны. У сярэднім па рэспубліцы ад каровы ў апошнія гады атрымліваюць 4 тысячы з паловай кілаграма малака ў год. Каля 20-ці сельгаскааператываў надойваюць па 6-9 тысяч кілаграмаў малака, а больш 60-ці маюць менш за 2,3 тысячы кілаграма. Розніца, безумоўна, вельмі істотная. На неспрыяльны для малочнай жывёлагадоўлі клімат спасылацца зараз ужо нельга. Напрыклад, у СВК “Ларынаўка” Аршанскага раёна Віцебскай вобласці на старой ферме карова ў сярэднім дае 30 кілаграмаў малака ў суткі, і ўсё яно здаецца гатункам “экстра”. Збіраюць у гэтым сельгаскааператыве і па 60 цэнтнераў з гектара збожжавых, а ў суседніх гаспадарках удвая менш. У Літве і Ленінградскай вобласці клімат не лепшы, а малочная жывёлагадоўля – на годным ўзроўні. Увага там надаецца нарыхтоўцы шматгадовых траў на сена і на сянаж у палімернай упакоўцы па сучасных тэхналогіях, выкарыстоўваецца таксама зернесянаж з трыцікале і ячменю. А пасевы кукурузы ў структуры пасеваў раслін на кармы займаюць усяго 5 працэнтаў. І без “каралевы палёў” кармоў там хапае. Кароў добра кормяць і даглядаюць, таму і надоі высокія. Зніжэнне выдаткаў, прадуманае гаспадаранне, захаванне сучасных тэхналогій і стараннасць людзей служыць залогам паспяховага развіцця. Там, дзе стараюцца спецыялісты і працаўнікі, плён ёсць.
Якасць малака не менш важная, чым валавая вытворчасць. У развітых краінах усе вытворцы арыентуюцца на выпуск малака найлепшай якасці, іншага там проста ніхто не купіць. Безумоўна, усюды ёсць свае праблемы і цяжкасці, напрыклад, мастыты кароў не зжыла дагэтуль ні адна краіна свету. Паўсюдна каварныя захворванні наносяць вялікі ўрон вытворцам. Але стаўка зроблена на прафілактыку і добры догляд жывёлы.
У нашым раёне новыя тэхналогіі ў малочнай жывёлагадоўлі таксама прыносяць добрыя вынікі. Сучасныя малочнатаварныя комплексы дазволілі скараціць выдаткі, напрыклад, менш аператараў машыннага даення дояць больш кароў. Пры захаванні строгіх правіл даення і належным утрыманні дойнага статка можна планамерна паляпшаць якасць малака. А ў СВП “АграМір”, напрыклад, за 9 месяцаў гэтага года гатункам “экстра” здадзена больш за 97 працэнтаў малочнай сыравіны. Малочнатаварны комплекс працуе стабільна.
У СВК “Алекшыцы” рост валавога надою за 9 месяцаў гэтага года ў параўнанні з мінулагоднім такім жа перыядам склаў 103 працэнты (па раёне 102 працэнты). А “экстры” у гэтай гаспадарцы атрымалі амаль 10 працэнтаў. У мінулым годзе малака такога выдатнага гатунку там не было. Лабарант малочнатаварнага комплексу Галіна Фортэль (на здымку) расказала, што лабараторныя даследаванні на месцы дазваляюць пільна сачыць за якасцю малака. Сучасныя прыборы і метады даследаванняў вельмі дакладныя. А старацца мець больш “экстры” выгадна, гэта “жывыя грошы”. Належная кармавая база дазваляе добра карміць жывёлу. Гэты год быў удалым для нарыхтоўкі кармоў.
Усім нашым вытворцам варта памятаць, што канкурэнцыя з кожным годам узрастае, а да айчыннай малочнай прадукцыі, якая ідзе на экспарт, патрабаванні вельмі строгія. Таму кожны чалавек на сваім месцы павінен рабіць усё магчымае, каб цвёрда стаяць на нагах і упэўнена глядзець у будучае. У СВК “Алекшыцы” шмат добрых працаўнікоў. Кожны раз, калі сюды прыязджаеш, можна пачуць самыя цёплыя словы пра жывёлаводаў. А Галіна Фортэль, па словах намесніка старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце і старшыні прафкама Ганны Міхаленка, чалавек вельмі працавіты і адказны. Нездарма ёй даверылі такі важны участак работы. Да таго ж, яна і добрая мама, у яе трое дзяцей. Працаваць у малочнай жывёлагадоўлі няпроста, але людзі падтрымліваюць адзін аднаго, і ў дружнай камандзе лягчэй браць новыя вышыні.

Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *