Напружаная пара зараз у гаспадарках раёна. Сапраўднай няспыннай чарадой ідуць работы. І нельга сказаць, што якая — небудзь з іх самая важная і патрэбная. Падкормка азімых, вываз угнаенняў, сяўба патрабуюць самай пільнай увагі кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, механізатараў. Кожны чалавек на сваім месцы дбае, каб усё было зроблена своечасова і якасна.
Дэфіцыт вільгаці ў глебе ў гэтым годзе прывёў да таго, што сяўбу ранніх яравых на Бераставіччыне пачалі раней, чым звычайна. У СВК “Алекшыцы” яна ўжо закончана. Па словах галоўнага агранома Андрэя Вабішчэвіча, пад яравыя збожжавыя адведзена 1700 гектараў, пад цукровыя бурак і – 200, пад бульбу – 20. Збожжавых без кукурузы ў гэтым годзе тут плануюць атрымаць па 70 цэнтнераў з гектара, галоўнае, каб не падвяло надвор’е. А на падкормцы азімых у гэтай гаспадарцы добра папрацаваў механізатар Аляксандр Лашэвіч. На пагрузцы арганічных угнаенняў пад кукурузу стараюцца механізатары Сяргей Кодзенцаў і Віктар Качароўскі. За змену адгружаецца і ўносіцца да 2 тысяч тон арганікі. Гэта важнае і неабходнае для раслін натуральнае ўгнаенне, да таго ж, па словах Андрэя Рыгоравіча, яшчэ і бясплатнае.
***
Набліжаецца да завяршэння сяўба ранніх яравых збожжавых у СВК імя Варанецкага, «Малабераставіцкі элітгас», «Пархімаўцы», «Масаляны».
На здымках: Аляксандр Лашэвіч і Андрэй Вабішчэвіч; Віктар Качароўскі і Сяргей Кодзенцаў.
Ніна Наддэ, фота аўтара