І сапраўды, новая сушылка ў РУСП “Масаляны” – люба глянуць. Сучасны яе гмах відаць здалёк. А побач, сціплым кантрастам, засталася старая. Яе таксама выкарыстоўваюць у сельгаспрадпрыемстве. Новы КЗСВ-40 у мінулым годзе працаваў тут першы сезон. У гаспадарцы ім вельмі задаволены. Калі давядзецца гэтым летам рапс і збожжавыя сушыць адначасова, праблем не будзе. Зараз да прыёму збожжа з новага ўраджаю застаюцца “апошнія штрыхі”. Галоўны энергетык Сяргей Анохін расказаў мне, наколькі больш эфектыўная і зручная новая сушылка:
— Калі старая за гадзіну прасушвала 10 тон збожжа, дык гэтая – 30. Можна сказаць, яна ў тры разы магутней. І не толькі ў гэтым справа, а яшчэ і ў тым, што праца аператараў стала больш зручнай і цывілізаванай. Прымітыўнай, ручной стала менш, таму што аўтаматыка вельмі дапамагае. Аператары прайшлі навучанне, выдатна спраўляюцца са сваёй работай. Гэта больш вопытныя Аляксандр Матук і Іван Пракопчык, а таксама малады працаўнік Дзяніс Садаўнічы.
Сяргей Анохін клапоціцца, каб работа на жніве ішла зладжаным канвеерам.
Ніна Наддэ,
фота аўтара