У прызёрах абласной алімпіяды па астраноміі — вучаніца Вялікабераставіцкай СШ Аня Марозік

Лента новостей

Згадзіцеся, на свеце мала хто застанецца абыякавым, свядома звярнуўшы свой позірк у бяздоннае зорнае неба. Ёсць у ім нешта невытлумачальна-загадкавае, таямнічае, прыцягваючае ўглыб Сусвету. І калі большасць з нас глядзіць на зорнае неба проста з захапленнем, то ёсць людзі, якія бачаць за гэтай прыгажосцю грандыёзную фізічную лабараторыю: нараджэнне зорак, тайны галактык, чорных дзірак і шмат іншых касмічных таямніц, незразумелых звычайнаму чалавеку.
Менавіта да гэтага імкнецца і Аня Марозік – адзіннаццацікласніца Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, якая вывучэнню астраноміі аддае шмат вольнага часу. На мінулым тыдні дзяўчына вярнулася з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, які на працягу чатырох дзён праходзіў у Гродне, і вярнулася з добрым вынікам — Дыпломам II ступені і запрашэннем прыняць удзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды.
Папярэднічала гэтаму перамога ў раённай алімпіядзе па астраноміі, дзе Аня таксама паказала вельмі добрыя веды. І хоць астраномію вывучаюць толькі ў 11 класе, дзяўчына пачала знаёмства з гэтым прадметам крыху раней, зацікавілася астраноміяй яшчэ ў мінулым годзе. Падтрымала яе інтарэс да прадмета і настаўніца Валянціна Станкевіч, якая таксама многа часу ўдзяліла падрыхтоўцы сваёй вучаніцы да алімпіяды. Таму Аня называе сваю перамогу на алімпіядзе іх агульным вынікам і вельмі ўдзячна Валянціне Уладзіміраўне, якая заўсёды знаходзіла час, каб растлумачыць ёй нейкія незразумелыя моманты, падказаць правільны шлях рашэння задачы. Напярэдадні алімпіяды яна сустракалася са сваёй вучаніцай практычна кожны дзень.
Вельмі важнай была і падтрымка бацькоў, сяброў, якія пастаянна цікавіліся яе поспехамі, іх дзяўчына таксама старалася не падвесці.
Вельмі ўзрушана расказвае Аня і пра сустрэчу, якую арганізавалі для яе Валянціна Уладзіміраўна разам з аднакласнікамі, калі даведаліся пра яе поспех на абласной алімпіядзе: падрыхтавалі “салодкі” стол, правялі прэзентацыю дасягненняў Ані, засыпалі яе віншаваннямі. І сапраўды, такой аднакласніцай можна ганарыцца: вучыцца на “выдатна”, неаднаразова удзельнічала і перамагала ў раённых алімпіядах па фізіцы, матэматыцы, хіміі, ды і проста цудоўная сяброўка і добры чалавек.
Менавіта тое, што хоча ў сваім жыцці перш за ўсё быць добрым чалавекам, Аня падкрэсліла і ў размове са мной. Яна вельмі цэніць у людзях шчырасць і адкрытасць і сама імкнецца быць такой з іншымі.
У школе перавагу дзяўчына аддае дакладным навукам, лічыць, што з імі прасцей: тут усё дзейнічае па сваіх законах, дакладных і зразумелых.
-Вядома, інтарэс да астраноміі я захаваю на ўсё жыццё, — гаворыць Аня, — яна застанецца маім захапленнем. У гэтай навуцы вельмі шмат таямнічага і рамантычнага, яна раскрывае перад намі веліч глыбінь Сусвету. Цяпер я зусім па-іншаму гляджу на зорнае неба і адчуваю сябе і нашу планету маленькай пясчынкай у Космасе, бо чым больш я даведваюся пра наш Сусвет, тым больш разумею, што ў ім яшчэ столькі неспазнанага.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *