Дабрачыннасць не дае ачарсцвець чалавечым сэрцам, і на гэтым трымаецца любое грамадства. Дзякуючы людзям, гатовым у любы момант прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу, становіцца менш адзінокіх састарэлых, сірот, інвалідаў, якія застаюцца сам-насам са сваёй бядой. А каардынуе дабрачынную дзейнасць буйнейшая гуманітарная арганізацыя краіны – Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Яна аб’ядноўвае ў сваіх радах ініцыятыўных і неабыякавых людзей, напаўняе іх жыццё сэнсам, дапамагае рэалізаваць дабрачынныя памкненні. Рэгіянальныя арганізацыі таварыства існуюць па ўсёй Беларусі.
19 лістапада прайшла 25-я справаздачна – выбарчая канферэнцыя Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. 50 дэлегатаў і запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, зацікаўленых структур, якія цесна супрацоўнічаюць з раённай арганізацыяй, сабраліся разам, каб падвесці вынікі работы за мінулыя пяць год і вызначыць арыенціры на далейшыя перспектывы. З дакладамі аб дзейнасці раённай арганізацыі за 2006 — 2010 гады выступілі яе старшыня Г.У.Рыгосік і старшыня рэвізійнай камісіі А.А.Плоцкая. Было адзначана, што на працягу многіх год энтузіястамі Чырвонага Крыжа праводзіцца пастаянная работа па падтрымцы тых, хто пакрыўджаны лёсам ці апынуўся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Штогадовыя месячнікі Чырвонага Крыжа, акцыі “Пачні дапамагаць вясной”, “Чысты двор”, “Збяром дзяцей у школу”, “Ражство”, “З любоўю да дзяцей”, “Моладзь супраць СНІДу” накіраваны на аказанне дапамогі малазабяспечаным сем’ям, састарэлым і інвалідам. Актыўна працуюць 30 пярвічных арганізацый, толькі за 2010 год сабрана амаль 9 з паловай мільёнаў рублёў узносаў, якія накіроўваюцца на правядзенне дабрачынных мерапрыемстваў.
У абмеркаванні дакладаў прынялі ўдзел і расказалі аб канкрэтнай рабоце на месцах А.І.Міхаленка, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Алекшыцы”, І.Г.Сідорык, загадчык Пагранічнай амбулаторыі, Г.В.Болдак, намеснік дырэктара Вялікаэйсмантаўскай СШ, Г.І.Акунец, кіраўнік міні- праекта “Свет захапленняў”, Кацярына Штор, валанцёр з НПК “Макараўскі дзіцячы сад – СШ”, М.С.Самкова, дырэктар Бераставіцкага сацыяльна — педагагічнага цэнтра.
За шматгадовую і сумленную працу намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта Г.У.Рыгосік (на здымку), якая ўзначальвае раённую арганізацыю ўжо больш 30 год.
На канферэнцыі прысутнічала галоўны бухгалтар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Н.М.Жукава, яна таксама адзначыла значны ўклад раённай арганізацыі ў гуманітарную дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў вобласці. Граматы абласной арганізацыі яна ўручыла С.Я.Чыкуну, намесніку старшыні райвыканкама, А.М.Раманік, начальніку ідэалагічнага аддзела райвыканкама, С.З.Сарасеку, галоўнаму ўрачу Бераставіцкай ЦРБ і Г.У.Рыгосік, старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Г.У.Рыгосік падзякавала за падтрымку раённай арганізацыі, якая ажыццяўляецца з боку мясцовай улады, кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, і ўсіх, хто не застаецца абыякавым да чужой бяды. Шэраг актывістаў Чырвонага Крыжа атрымалі граматы і падарункі ад раённай арганізацыі.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі за справаздачны перыяд здавальняючай, быў абраны новы састаў Прэзідыума, рэвізійная камісія, дэлегаты на абласную канферэнцыю. Старшынёй раённай арганізацыі на наступны тэрмін аднагалосна была выбрана Г.У.Рыгосік.
Ірына МІКЛАШ