У полі зроку–далейшае развіццё жывёлагадоўлі

Лента новостей

Абласны семінар, прысвечаны вынікам работы ў жывёлагадоўчай галіне за 11 месяцаў гэтага года, адбыўся 7 снежня на базе Карэліцкага раёна. Да прыезду калег з іншых месцаў і правядзення такіх мерапрыемстваў рыхтуюцца загадзя, імкнуцца паказаць, што зроблена. Традыцыйная, наглядная форма абмену вопытам вельмі карысная, таму што “лепш адзін раз убачыць, чым сто раз пачуць”. Паглядзець на ўкараненне новых тэхналогій, убачыць якую людзі маюць ад гэтага аддачу, заўсёды цікава. Кожны раз можна нешта пераняць для сябе, вызначыць аптымальны варыянт, абмяняцца думкамі з калегамі. Ад нашага раёна на чарговым семінары пабывалі старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Павел Буткевіч.
У полі зроку на абласным мерапрыемстве былі таксама іншыя актуальныя пытанні – выкананне прагнозных паказчыкаў і заданняў, навядзенне парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах і падрыхтоўка да зімы, гатоўнасць да работы бытавых памяшканняў у зімовых умовах, ход будаўніцтва і рэканструкцыі малочнатаварных ферм, рост валавой прадукцыі ў наступным годзе. Пра сітуацыю ў гаспадарках Гродзеншыны і надзённых праблемах, якія патрабуюць вырашэння, расказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама Іван Жук. Адзначалася, што ў аграрным сектары шмат зроблена, аднак ставіцца задача далей нарошчваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Затым адбылася практычная частка мерапрыемства. Па словах Паўла Буткевіча, цікавым было наведванне племзавода “Карэлічы” і азнаямленне з вядзеннем племянной работы, а таксама рэканструкцыяй адной з мясцовых малочнатаварных ферм. Уразіла ўдзельнікаў семінара выстаўка высокапрадукцыйных племянных кароў. На ўзроўні знаходзіцца селекцыйная работа з захаваннем чорна – пярэстай пароды без прымесі галштынскай крыві. Ёсць там і галштынская парода. Стаўка на раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы прыносіць добрыя вынікі. У развітых краінах каровы даюць каля 40 кілаграмаў малака ў суткі, ёсць такія рэкардсменкі і ў нас, таму трэба імкнуцца, каб надоі павялічваліся. Як гэта зрабіць у нашых мясцовых умовах? У гаспадарках Карэліцкага раёна размова вялася пра розныя варыянты прыгатавання высакаякасных сумесяў для аднатыпнага кармлення жывёлы, была паказана тэхналогія прыгатавання высакаякаснага камбікорму, а таксама кормасумесяў для розных фізіялагічных груп кароў і расказана пра меры, якія прымаюцца для павышэння прадукцыйнасці.
Прыемна, што наш раён мае добрыя паказчыкі ў параўнанні з іншымі, што і было адзначана на абласным семінары. Ён нязменна сярод лідараў у вобласці і рэспубліцы. Чакаецца, што ў будучым годзе раён возьме сямітысячны рубеж па надоі малака на карову.
Ішла гутарка на абласным семінары таксама пра ход будаўніцтва і рэканструкцыю малочнатаварных ферм. У нашым раёне будуюцца 2 малочнатаварных комплексы ў СВП “АграМір” і СВК “Макараўцы”, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю ў наступным годзе. Пачынаецц будаўніцтва і СВК імя Варанецкага. Завершана рэканструкцыя ферм “Даўбянкі” у СВК “Пархімаўцы” і “Падбагонікі” у СВК “Алекшыцы”. Заданне па росце аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ў наступным годзе ў параўнанні з гэтым павінна будзе скласці 108,5%.
І вось такое цікавае і незвычайнае уражанне ад Карэліцкага раёна. Аказваецца, стаж аднаго з механізатараў тут 55 гадоў! У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Браніславу Крывіцкаму асабіста ўручыў Ганаровую грамату міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *