У нядзелю, 25 кастрычніка, у аграгарадку Пархімаўцы былі асвечаны новыя паклонныя крыжы на ўездзе ў населены пункт.
Новыя крыжы, праваслаўны і каталіцкі, фігурка Маці Божай былі ўсталяваны на сродкі і сіламі мясцовай гаспадаркі – СВК “Пархімаўцы”. Кіраўніцтва сельгаскааператыва адгукнулася на просьбу святароў і мясцовых вернікаў, якія хацелі ўшанаваць даўнюю традыцыю і мець своеасаблівы духоўны шчыт, і дапамагло ў яе рэалізацыі.
Гэта сапраўды вельмі важна, бо прыдарожныя крыжы ля вёсак сведчаць аб тым, што тут жывуць хрысціяне, якія сведчаць аб сваёй веры і Госпаду давяраюць усё – сваю зямлю, дамы, пажытак, саміх сябе. Здаўна, адпраўляючыся ў далёкі шлях ці ўваходзячы ў населены пункт, чалавек спыняўся ля крыжоў, прасіў дапамогі ці дзякаваў Богу і нябесным заступнікам. Па традыцыі ля крыжоў развітваюцца з нябожчыкамі, адпраўляючы іх у іншы свет на вечны спачын.
У абрадзе асвячэння крыжоў прынялі ўдзел дэкан Бераставіцкага дэканату ксёндз-пробашч а.Вальдэмар Слота, благачынны Бераставіцкага благачыння пратаіерэй а.Сергій Шэлест, настаяцель храма святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона аг.Пархімаўцы іерэй а.Уладзімір Грышкевіч, кіраўніцтва СВК “Пархімаўцы” і Бераставіцкага сельскага Савета, шматлікія прыхаджане праваслаўнага і каталіцкага прыходаў, а таксама вернікі з Вялікай Бераставіцы.
На сумеснай малітве святары здзейснілі чын асвячэння крыжоў і фігуркі Маці Божай, благаславілі ўсіх прысутных.
А.Вальдэмар Слота падзякаваў старшыні СВК “Пархімаўцы” Юрыю Яромічу і старшыні Бераставіцкага сельскага Савета Марыі Карпуць за падтрымку духоўных памкненняў вернікаў і пажадаў усім хрысціянам, каб гледзячы на гэтыя крыжы, яны помнілі аб Хрысце, які памёр на крыжы для нашага збаўлення, і ішлі дарогай святасці.
Пазнаваць Госпада, узрастаць у веры і імкнуцца да выратавання душы заклікаў усіх і а.Сергій Шэлест, які звярнуў увагу вернікаў, што ўсталяванне крыжоў і іх ушанаванне — адказ чалавецтва на Божую любоў і знак нашай веры. Ён папрасіў адносіцца да іх з пашанай, а таксама захоўваць і перадаваць веру і духоўныя каштоўнасці сваім дзецям і ўнукам.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара