21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Каб прывіць навучэнцам цікавасць і любоў да роднай мовы, у Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе праходзяць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы.
Для навучэнцаў прайшла дыскатэка на беларускай мове. Хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у флаер-фэсце “У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы…” Цікавыя і разнастайныя атрымаліся флаеры вучняў. На інфармацыйных лістоўках дзеці пісалі прыгожыя і непаўторныя беларускія словы, выказвалі любоў і павагу да мовы.
Навучэнцаў чакала падарожжа з QR-кодамі. Мерапрыемства паказала, што гаджэты могуць быць выкарыстаны не толькі ў забаўляльных мэтах.
Акрамя гэтага, навучэнцам прапаноўвалася паспрабаваць свае сілы ў выставе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў.
Педагагічныя работнікі, навучэнцы далучыліся да напісання дыктоўкі.
Мова… Яе трэба берагчы і паважаць. Нездарма выдатны пясняр беларускай зямлі Францішак Багушэвіч заклікаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”
Святлана Войшэль, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы