З 1 па 30 верасня пад эгідай Белаграпрамбанка праходзіць маштабная рэспубліканская акцыя па фінансавай граматнасці “Твае першыя фiнансы” для вучняў 5-х класаў. Каля 88 000 пяцікласнікаў па ўсёй краіне, а ў Бераставіцкім раёне – 173 чалавекі, атрымалі спецыяльныя падарункі, галоўным з якіх стаў выпушчаны Белаграпрамбанкам зборнік дзіцячых “фінансавых” казак на тэму “Твае першыя фiнансы”.
Намеснік начальніка разлікова-касавага цэнтра №12 у г.п.В.Бераставіца філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”-Гродзенскае абласное ўпраўленне Ірына Астравух і начальнік аддзела рознічных паслуг Наталля Тоўкач наведалі ўсе школы раёна, дзе правялі для пяцікласнікаў урокі фінансавай граматнасці. У гімназіі аг. Пагранічны і ў Малабераставіцкай СШ гутаркі суправаджаліся відэапрэзентацыямі.
Банкаўскія супрацоўнікі расказалі дзецям пра спосабы зберажэння і прымнажэння грашовых сродкаў, магчымасці банкаўскіх плацежных картак і перавагі безнаяўных разлікаў, пра крэдыты і ўклады. Пяцікласнікі пазнаёміліся і з інфармацыяй аб дзіцячай ашчаднай праграме “Белаграпрамбанка” “Расці вялікі!”.
– Кніжкі, атрыманыя дзецьмі ў якасці падарункаў, — гэта маляўнічае выданне пад назвай «Твае першыя фiнансы», – гаворыць начальнік аддзела рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра №12 у г.п.В.Бераставіца Наталля Тоўкач. – Гэта зборнік апавяданняў, галоўным героем якога з’яўляецца Агрык – сімвал дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі!” Кніга ў займальнай форме адлюстроўвае сутнасць дзейнасці банка, тлумачыць, што такое грашовыя сродкі, як правільна распараджацца імі, расказвае, якія існуюць банкаўскія “прадукты” і г.д.
Дарэчы, падобная акцыя праводзіцца Белаграпрамбанкам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка і Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўжо другі год запар. Дадзены праект сведчыць аб тым, што падтрымка падрастаючага пакалення з’яўляецца адной з найважнейшых задач у стратэгіі Белаграпрамбанка.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара