У музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адсвяткавалі Масленіцу

Актуально Культура

Убачыць, як выпякаюцца румяныя бліны на незвычайным кастры “фінскай свечцы”, і тут жа гарачымі пакаштаваць іх з чаем можна было ў суботу, 17 лютага, у музеі Вавёркі. Тут, на гасцінным музейным падворку, адбыліся “Масленічныя забавы” – мерапрыемства, прызванае ўзгадаць традыцыі нашых продкаў.

Акрамя мясцовых жыхароў, удзельнікамі свята Масленіцы сталі і шылавічскія школьнікі, якія прыехалі на экскурсію ў музей Вавёркі з суседняга Ваўкавыскага раёна. Гэта стала для падлеткаў прыемным сюрпрызам, як і бяспройгрышная латарэя з сувенірамі і салодкімі падарункамі.

Масленічныя забавы” правялі на свежым паветры, тым больш што і надвор’е дазволіла гэта зрабіць. Вясёлыя язычкі полымя і дымок ад кастра стваралі асабліва ўзнёслы настрой. А бліны, якія выпякаліся на кастры, разыходзіліся «на ўра». Гасцінныя работнікі музея частавалі ўсіх гарачым чаем з лекавых раслін. Напой з чабору, ліпы, шыпшыны на свежай паветры з блінамі і абранкамі такі смачны!

Паміж справай вядучыя нагадалі пра адметнасці кожнага дня Сырнага тыдня, як яшчэ называюць Масленіцу, расказалі, адкуль з’явілася фраза “да цешчы на бліны”, а таксама прапанавалі далучыцца да гульняў – так, між іншым, рабілі і нашы продкі. Гульні хоць і сучасныя – дартс, армрэслінг – але азарт ад удзелу ў іх, мяркую, такі ж, як і стагоддзі таму.

Пад задорны акампанемент баяна гучалі народныя песні – без музыкі на сапраўдным свяце аніяк! Адбылося знаёмства і са старадаўнім музычным інструментам варганам – мала хто ведае, аднак на ім ігралі і нашы продкі.

У дзяўчат найбольшую цікавасць выклікаў майстар-клас па вырабу мініяцюрнага пудзіла Масленіцы. Зрабіць самастойна такую прыгожую ляльку і ўзяць яе на памяць – прыемна і запамінальна. І ўсе без выключэння фатаграфаваліся з роставай лялькай Вавёркай – сімвалам музея і Вялікай Бераставіцы.

Кульмінацыя свята – спальванне пудзіла Масленіцы. Так па традыцыі развітваліся з зімой. Масленіца – прыгожы абрад, адна з цікавых старонак беларускай этнаграфіі – і сёння не перастае нас цікавіць. І музейныя супрацоўнікі маюць да гэтага непасрэднае дачыненне.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *