У пятніцу, 24 лютага, супрацоўнікі музея Вавёркі сустракалі наведвальнікаў смачнымі блінамі і гарачым чаем. Тут праходзілі “Масленічныя забавы” – мерапрыемства, прызванае ўзгадаць старадаўнія традыцыі папулярнага народнага свята.
Для многіх гасцей, асабліва юных, было цікава даведацца пра адметнасці кожнага дня Сырнай седміцы (Сырнага тыдня), як яшчэ называюць Масленіцу. Напрыклад тое, што першы дзень тыдня называлі “Сустрэчай” ці “Стрэчаннем”, калі Масленку сустракалі і велічалі. Другі дзень Масленіцы называўся “Зайгрышы” ці “Загвіны”. У гэты дзень каталіся з гор, каб доўгім рос лён. На трэці дзень свята цёшчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў. Чацвер называлі Днём святога Уласа, і лічылася, што ў гэты дзень павінен у першы раз праспяваць жаваранак. У пяты дзень Масленіцы – на “Цёшчыны вячэркі” – цёшчаў у госці запрашалі зяці і таксама частавалі іх блінамі. У шосты дзень нявестка збірала ў сябе ўсю мужаву радню. А ў сёмы ездзілі на конях са званочкамі, гіканнем і песнямі, зляталі на санках з высокіх пагоркаў, ладзілі карагоды. Увесь Масленічны тыдзень, ад панядзелка да нядзелі, праводзіўся шумна. Нават па вечарах не працавалі. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарала каляднае гулянне са шматлікімі забавамі.
Вядучыя мерапрыемства прапанавалі пачаткоўцам Вялікабераставіцкай СШ, запрошаным на свята, пагуляць і павесяліцца, як некалі весяліліся на Масленіцу. Дзеці з ахвотай прынялі прапанову. З уласцівым іх узросту спрытам і азартам ўдзельнічалі ў гульнях, адказвалі на пытанні віктарыны.
Цудоўна аздобілі мерапрыемства выступленне салісткі народнага хора вэтэранаў вайны і працы “Памяць сэрца” Нэлі Касьян у музычным суправаджэнні Яўгена Раброва, а таксама наладжаная ў дворыку музея наглядная дэманстрацыя працэсу выпечкі бліноў на сапраўдным агні.
Святлана Ганчарова, фота аўтара