Няма зараз больш важнай работы ў аграрыяў, чым жніво. Адначасова яно і вялікі клопат, і доўгачаканае свята. Уборка кожны год дае ўпэўненасць у будучым, радуе і вяскоўцаў, і гараджан. Нездарма спрадвеку гавораць у народзе: “Хлеб – усяму галава”.
У нашым раёне ва ўсіх гаспадарках стараюцца ўбраць вырашчаны ўраджай своечасова і без страт. На жаль, і да нас дайшоў заходні цыклон з частымі моцнымі дажджамі. Таму вымушаны прастойваць уборачны канвеер, хаця людзі стараюцца выкарыстаць для працы кожную прыдатную гадзіну.
СВК “Малабераставіцкі элітгас” – гаспадарка ў нашым раёне адметная. Шмат гадоў узначальвае яе моцны эканаміст. Старшыня СВК “Малабераставіцкі элітгас” Анатоль Паўлавіч Коханаў – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, мае іншыя ўзнагароды.
Агульная плошча сельгаскааператыва – 6843 гектары, а пачаўся яго шлях да поспехаў у 1952 годзе з аб’яднання некалькіх малых калгасаў. Зараз у гаспадарцы тры вытворчыя ўчасткі. Спецыялізуецца сельгаскааператыў на вырошчванні элітнага насення бульбы, а таксама збожжавых і зернебабовых культур. Работа вядзецца ў цеснай сувязі з Гродзенскім занальным навукова-даследчым інстытутам сельскай гаспадаркі. У сельгаскааператыве вырошчваецца насенне збожжавых 18 гатункаў. Ураджайнасць іх складае да 80 цэнтнераў з гектара. З уводам у эксплуатацыю новага комплексу па дапрацоўцы насення можна будзе рэалізаваць больш за 7 тысяч тон насення эліты.
Калі мы прыехалі ў гэтую гаспадарку, дык убачылі, як тут імкнуцца выкарыстаць спрыяльнае надвор’е. Работа сапраўды “кіпела”. Людзі стараліся паспець як мага больш зрабіць. На камбайне КЗС-10 “Палессе” працавалі старшы камбайнер Алег Міхальчык і камбайнер Валерый Садаўнічы, на камбайне “Ліда -1600” – Павел Рабалюк і Яўген Нерад, на “КЗС -1218” – Аляксандр Бараноўскі і Іван Лебядзевіч. А на такім жа камбайне “КЗС -1218” шчыраваў экіпаж братоў Аляксандра і Юрыя Сунэлікаў. Усе экіпажы стараліся, спаборнічалі паміж сабой, каму ўдасца больш намалаціць збожжа.
На здымку: камбайнеры СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
Ніна Наддэ,
фота аўтара