У маладзёжным лагеры «Бе-La-Русь» гучала гітара бераставічаніна Сяргея Хілюты

Лента новостей

хилютаУ апошнія дні ліпеня Міжнародны маладзёжны лагер «Бе-La-Русь» у 25-ы раз сабраў маладых людзей з Беларусі, Латвіі і Расіі. Удзел у гэтай міжнароднай сустрэчы ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці прыняў і прадстаўнік нашага раёна, кіраўнік гурткоў аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аўтар і выканаўца Сяргей Хілюта.

З 28 па 31 ліпеня ў Верхня­дзвінскім раёне Віцебскай вобласці, ля Кургана Дружбы, што на стыку межаў Беларусі, Латвіі і Расіі, праходзіла юбілейная сустрэча ўдзельнікаў міжнароднага палатачнага лагера «Бе-La-Русь», арганізатарам якога традыцыйна выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Саюз за прагрэс моладзі Латвіі і Расійскі Саюз Моладзі.
У лагер з’ехалася каля 500 удзельнікаў – прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый, ВНУ, прадпрыемстваў і клубаў па інтарэсах трох суседніх дзяржаў. Былі запрошаны ганаровыя госці і ветэраны маладзёжнага руху.
Гродзенская дэлегацыя складалася з трыццаці юнакоў і дзяўчат – актывістаў БРСМ з усіх рэгіёнаў вобласці.
– На некалькі дзён мы акунуліся ў свята спорту і творчасці, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Хілюта. – Каманды спаборнічалі ў спартыўных мерапрыемствах, прымалі ўдзел у творчых конкурсах, семінарах, трэнінгах. Дарэчы, у валейболе наша каманда стала першай. Незвычайнымі былі спаборніцтвы «Алімпійскіх гульняў»: латышы вучылі сваёй народнай гульні «Новус», госці з Расіі правялі майстар-клас па гарадках. А беларусы наладзілі «біятлон», у якім удзельнікі стралялі па мішэнях…бульбай. Адбыліся конкурсы «Каралева Беларусі» і «Бітва дыджэяў». Ну, а адным з цэнтральных мерапрыемстваў стаў «Адкрыты дыялог». Тэма яго – «Моладзь і палітыка» – актуальная для прадстаўнікоў трох краін, таму што ў кожнай з дзяржаў зараз праходзяць выбарчыя кампаніі. Вядучым «Адкрытага дыялогу» быў дэкан факультутэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, палітычны аналітык і тэлевядучы Вадзім Гігін. Мне таксама давялося паўдзельнічаць у дыялогу, задаўшы пытанне беларускім, расійскім і латвійскім экспертам, якія прысутнічалі на сустрэчы. А яшчэ мне запомнілася і вельмі кранула сустрэча ля Кургана Дружбы з ветэранамі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. У ліпені 1959-га тут упершыню пасля вайны сабраліся сотні былых партызанаў з розных гарадоў Савецкага Саюза. Разам з мясцовымі жыхарамі яны насыпалі курган, зямлю для якога прывезлі з магіл партызанаў і воінаў Чырвонай Арміі. Усе мы, хто адпачываў у лагеры, усклалі кветкі да мемарыялаў Кургана.
Увогуле ж, кожны член Гродзенскай каманды прыняў удзел у тым ці іншым спартыўным ці творчым мерапрыемстве. Сяргей Хілюта выступаў на аглядзе бардаўскай песні. Ён выканаў твор уласнага сачынення пад назвай «Радзіма» і быў узнагароджаны дыпломам удзельніка.
– Для мяне як музыканта прыемна было адчуваць цёплую і шчырую падтрымку аўдыторыі, цікава было пазнаёміцца з выканаўцамі з іншых краін, падзяліцца з імі сваім творчым вопытам. А яшчэ адным немалаважным здабыткам сталі сяброўскія сувязі, якія завязаліся паміж моладдзю трох краін.

Святлана Ганчарова
Фота з сайта
Гродзенскага абкама БРСМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *