Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, поўная наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі.
Але зараз беларуская мова пакрыху забываецца, “губляюцца” яе адметныя словы, усё радзей чуеш яе на вуліцах.
І каб прывіць вучням цікавасць і любоў да роднай мовы, у Малабераставіцкай сярэдняй школе з 10 па 14 лістапада прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У рамках тыдня былі праведзены розныя мерапрыемствы.
У першы дзень тыдня вучні прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Гаворым па-беларуску”. На акцыю адгукнуліся ўсе работнікі школы. Ва ўсіх класах прайшлі класныя гадзіны “Мой родны кут, як ты мне мілы” . А інфармацыйныя гадзіны былі прысвечаны святкаванню Года гасціннасці “Беларусь сустракае гасцей”. Былі наладжаны выставы “З любоўю да роднага слова” і “Беларускія аўтары – юбіляры 2014 года”.
Другі дзень тыдня меў назву “У вандроўку з фотакамерай і пэндзлем ”. Вучні 8-11 класаў прынялі ўдзел у конкурсе фотаздымкаў “Беларускія краявіды”, а вучні 5-7 класаў намалявалі незвычайныя малюнкі для конкурсу “Беларускі алфавіт у малюнках”.
Самым цікавым аказаўся дзень нечаканасцей. У гэты дзень усіх вучняў на ўроках чакалі незвычайныя выступленні вучняў 8 класа. Выступалі вучні не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і на фізіцы (фізікі і лірыкі заўсёды разумеюць адзін аднаго), гісторыі, рускай мове, чым прыводзілі ў захапленне не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Вельмі спадабалася вучням пачатковых класаў акцыя “Вясёлы перапынак: печ, патэльня, хвост”. Вучні пазнаёміліся з некаторымі беларускімі народнымі гульнямі і прынялі актыўны ўдзел у іх правядзенні. Яшчэ вучні 6-8 класаў мелі магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа ў музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, а вучні пятага класа адправіліся на экскурсію ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі”.
Два апошнія дні тыдня “Незвычайная арфаграфія ” і “Чароўная краіна Літаратура” былі таксама вельмі насычанымі. Для самых маленькіх удзельнікаў, вучняў пятага і шостага класаў, быў падрыхтаваны конкурс – гульня “Арфаграфічны бой” і “Нам засталася спадчына”. Вучні 8-9 класаў пазмагаліся ў віктарыне “Лепшы знаўца беларускай мовы” і ў конкурсе чытальнікаў “Мой любімы верш”. У апошнім конкурсе прымалі ўдзел і вучні дзясятага і адзінаццатага класаў. Вучням сёмага і восьмага класаў было прапанавана паўдзельнічаць у літаратурным КВЗ. Асаблівую цікавасць выклікала мерапрыемства “Філалогія ў скульптуры: помнікі мовам, алфавітам, літарам”.
Як бачым, для кожнага з вучняў знайшлося нешта сваё, тое, што ён запамятае надоўга з гэтага тыдня. А мне застаецца толькі падзякаваць усім, хто прымаў удзел і дапамагаў у арганізацыі мерапрыемстваў на працягу тыдня і спадзявацца на тое, што праца нашых настаўнікаў не была марнай, і што калі-небудзь беларуская мова зноў стане па-сапраўднаму роднай усім беларусам.
Я пераканана, што такія тыдні трэба праводзіць не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова “гучала ў вяках.”
Жанна Козел, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Малабераставіцкай СШ