Мы ўсе ведаем, што заняткі спортам – гэта вельмі важна. Спорт падаўжае працягласць жыцця, паляпшае здароўе, павышае настрой. Самае складанае ў занятках спортам – гэта знайсці для спорту час. А вось для навучэнцаў Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы такая праблема не стаіць.

“Спартыўная зала запрашае” – у нас не проста шыльда, а рэальнае жыццё з цікавымі мерапрыемствамі. Нават па вечарах у спартыўную залу спяшаюцца вучні, бацькі, педагогі. І паколькі ў сельскай мясцовасці не так многа месцаў, дзе можна сустрэцца і з карысцю правесці вольны час, спартыўная зала прыцягнула аматараў актыўнага адпачынку. А любімай стала камандная рухомая і энергічная гульня – валейбол. У час гульні развіваюцца не толькі фізічныя якасці, а і набываюцца пэўныя сацыяльныя навыкі. Дарослыя дапамагаюць падлеткам працаваць у камандзе, канкурыраваць, пазнаваць сябе, быць адказнымі і паважаць другіх. А паколькі гульня ў валейбол прадугледжвае яшчэ і спаборніцтвы, а значыць, перамогі і паражэнні, то дзеці вучацца пазітыўна прымаць гэтыя два варыянты.

Сумесныя спартыўныя захапленні аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей, умацоўваюць атмасферу ўзаемнай павагі і паразумення, чаго вельмі часта не хапае ў імклівай плыні сучаснага жыцця.

Атрымаўшы задавальненне ад руху, ад гульні, можа, нават некалькі фізічна стомленыя, але задаволеныя і шчаслівыя ўсе вяртаюцца дамоў і дамаўляюцца сустрэцца наступным вечарам.
Святлана Мазавецкая, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы