Праўдзівы і бясспрэчны факт: разлічваць на эканамічную эфектыўнасць пры вырошчванні кукурузы на сілас і зерне можна толькі пры комплексным падыходзе, пачынаючы з выбару якаснага насення і заканчваючы самой уборкай культуры з прымяненнем сучасных камбайнаў. На апошняй стадыі важнай акалічнасцю з’яўляецца вільготнасць прадукту, бо ўсім зразумела, чым яна ніжэйшая, тым у выніку і меншыя выдаткі на сушку. Пры вільготнасці ж кукурузы вышэй за 40% уборка на зерне проста становіцца эканамічна нявыгаднай. Хочацца верыць, што мерапрыемствы на палетках, якія залежаць ад чалавечага фактару, выконваюцца бездакорна. І таму адзінае, што застаецца, – гэта спадзявацца на надвор’е. На дадзены ж момант першапачатковая задача ўсіх аграрыяў – завяршыць палявыя работы да 7 лістапада.
— Тэхналагічны працэс уборкі кукурузы з абмалотам зерня праводзіцца ў поўную спеласць, калі лісце і сцябло ўжо сухія і малапажыўныя, — расказвае галоўны аграном КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Андрэй Грышкевіч. – У тым, што кукуруза з’яўляецца адной з самых значных сельскагаспадарчых культур у сусветным земляробстве, сумненняў няма. У нашым сельгаспрадпрыемстве яе ўборка на зерне пачалася яшчэ 25 верасня. З 950 гектараў зямель, адведзеных пад пасевы гэтай культуры, на сілас і зерне прыпадае 700 і 250 гектараў адпаведна. На 31 кастрычніка кукуруза на сілас ўжо была скошана на 530 гектарах (ураджайнасць зялёнай масы складае 488 ц/га), кукуруза на зерне абмалочана на 150 гектарах (ураджайнасць 90 ц/га).
Увогуле, выбар гібрыда кукурузы сельгаспрадпрыемствамі ажыццяўляецца ў залежнасці ад агракліматычных умоў канкрэтнага рэгіёна. Гібрыды, прызначаныя для атрымання зерня павінны быць скараспелымі, высокаўраджайнымі, устойлівымі да палягання, хвароб і засухі. Адпавядаюць усім гэтым патрабаванням і гатункі кукурузы збожжавага накірунку “палескі 212 СВ”, “ювена”, “краснадарскі”, “палтава”, што вырошчваюцца ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”.
Іх уборку на камбайне “Лексіён-580” са спецыяльна прыстасаванымі жаткамі даверылі вопытнаму і адказнаму камбайнеру Валерыю Летка. У сельгаспрадпрыемства ён прыйшоў працаваць адразу пасля арміі ў далекім 1989 годзе. Не дзіўна, што ў мужчыны, які неаднаразова быў задзейнічаны на сельскагаспадарчых работах, працэс наладжаны, як гадзіннікавы механізм.
Пачакаўшы хвіліну-другую, назіраю за выгрузкай зерня, якое хлынула няспынным залатым патокам. МАЗы, змяняючы адзін аднаго, адразу з палеткаў адвозяць залатыя зярняты на два зернесушыльныя комплексы КЗСВ-40 і М-819, што знаходзяцца ў вёсцы Каменка. Пасля высушанае да неабходнай вільготнасці (13%) зерне пэўны час будзе захоўвацца на зернефуражным комплексе, пабудаваным у 2010 годзе і разлічаным на 6000 тон прадукту.
На апошні дзень кастрычніка сельгаспрадпрыемствам было нарыхтавана ўжо 1400 тон карыснай збожжавай культуры. У далейшым усе гэтыя запасы пойдуць на патрэбы жывёлагадоўлі, а пэўная частка – і на продаж.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара