Сёння перад настаўнікам замежнай мовы стаяць важныя задачы па прыцягненню ўвагі вучняў да пазнання мовы, павышэнню матывацыі да навучання, развіццю творчых здольнасцей. Вырашэнню гэтых задач у многім спрыяе пазакласная дзейнасць, якая накіравана на інтэлектуальнае, духоўна-маральнае, крэатыўнае развіццё асобы навучэнцаў, назапашванне суб’ектнага вопыту ўдзелу і арганізацыі дзейнасці па пазнанні саміх сябе, навакольнага свету.
У Кватарскім яслях-садзе-базавай школе настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Марына Лявонцьеўна Круповіч, якая з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы, заўсёды цікава арганізуе работу з навучэнцамі праз правядзенне даследчай дзейнасці, выкарыстанне актыўных форм ажыццяўлення адукацыйнага працэсу, а таксама патэнцыялу пазакласнай дзейнасці.
Практыкай даказана, што адным з самых папулярных відаў пазакласнай дзейнасці з’яўляецца тыдзень замежнай мовы, які праводзіцца ва ўстанове адукацыі штогод. Гэта ўжо стала добрай школьнай традыцыяй і сваеасаблівым працягам святочных навагодніх мерапрыемстваў. Бо тыдзень замежнай мовы таксама даволі шырока прасякнуты навагодняй тэматыкай. Трэба адзначыць, што Марына Лявонцьеўна ўмела фарміруе талерантныя адносіны да традыцый замежных краін, чым узбагачае культурны ўзровень навучэнцаў. Вучням 3-6 класаў вельмі спадабалася ўдзельнічаць у конкурсах крыжаванак, творчых работ, прэзентацый. Усіх пацешыла тэатральнае прадстаўленне “Рыжая курачка”, якое яны падрыхтавалі. Цёплыя, шчырыя пажаданні атрымаў амаль кожны вучань і настаўнік праз навагоднюю пошту, якую арганізавалі старшакласнікі. Павысіла матывацыю ў навучэнцаў наведаць установу адукацыі ў шосты школьны дзень запрашэнне на творчую гасцёўню “Новы год крочыць па планеце!”
Свае таленты навучэнцы змаглі праявіць у час творчай майстэрні па выпуску буклета “Мая школа – мой гонар”, дзе неабходна было расказаць самыя цікавыя падзеі са школьнага жыцця на англійскай мове.
А самыя пазітыўныя водгукі навучэнцаў і бацькоў атрымаў конкурс караоке “Спяваем па — англійску”.
Пазакласная работа па англійскай мове – гэта эфектыўны сродак далучэння навучэнцаў да авалодання англійскай мовай за межамі ўрока ў цікавых і патрэбных для навучэнцаў сітуацыях. Спадзяемся, што атрыманыя веды і камунікатыўныя навыкі спатрэбяцца школьнікам у далейшым жыцці.
Інэса Сайко, намеснік
дырэктара па асноўнай дзейнасці Кватарскага
ясляў-сада-БШ