У канцы снежня мінулага года Канюхоўскі сельвыканкам сумесна з пярвічнай арганізацыяй Беларускага Саюза жанчын ушанавалі залатых юбіляраў, якія ў далёкія дні 1968 года прынялі важнае рашэнне – стварыць сям’ю. І пражытыя гады сумеснага жыцця пацвердзілі, што тое рашэнне сем’яў Івана Браніслававіча і Ніны Мікалаеўны Койта, Казіміра Міхайлавіча і Ядвігі Казіміраўны Праневіч, Генрыха Ігнацьевіча і Ядзвігі Станіславаўны Дабрэнка было правільным. Як кажуць, жыццё перажыць – не поле перайсці. Але гэтыя пары перамаглі цяжкасці, пабудавалі сумеснае жыццё, выгадавалі дзяцей, радуюцца ўнукам.
Ніна Мікалаеўна Койта пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага вучылішча па накіраванню прыехала ў Макараўскую ўчастковую бальніцу на пасаду фельдшара. Пазнаёмілася ў Макараўскім клубе з Іванам Браніслававічам, мясцовым юнаком, пакахалі адзін аднаго і пасля двух гадоў сяброўства рашылі ажаніцца. Іван Браніслававіч — у мінулым механізатар, працаваў брыгадзірам, а цяпер заслужаны член КСУП “Макараўцы”.
Паўвека яны жывуць разам у павазе і ўзаемаразуменні. Выгадавалі траіх дзяцей, далі ім адукацыю. Дачка Аліна закончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум з чырвоным дыпломам, затым Гомельскі кааператыўны інстытут. Працуе эканамістам у УП “Гроднагіпразем”. Дачка Інэса пасля заканчэння ўніверсітэта імя Я.Купалы працуе выхавацелем у адным з дзіцячых садкоў г. Гродна. Дачка Ірына – бухгалтар, працуе індывідуальным прадпрымальнікам.
Гонар сям’і Койта — іх унукі: Юрый працуе юрыстам у адной з прыватных фірм; Ульяна – студэнтка 2-га курса, вучыцца ў Гданьску, яе будучая спецыяльнасць – біятэхналогіі; Анастасія вучыцца ў шостым класе.
Казімір Міхайлавіч і Ядвіга Казіміраўна Праневіч жывуць у вёсцы Ігнатавічы, а шлюб бралі ў Вялікіх Эйсмантах. Да вяселля сустракаліся ўсяго 4 месяцы, а ўсё жыццё жывуць у згодзе і павазе. Вясёлая і прыветлівая Ядвіга Казіміраўна не магла не зачараваць заліхвацкага кавалера з вёскі Ігнатавічы. Працавала швачкай, у меліярацыі, у калгасе жывёлаводам. І дзе б ні была, усюды свяцілася як той агеньчык, руплівая, старанная, працавітая. Займаецца вышыўкай, хатняй выпечкай. Казімір Міхайлавіч пачаў працаваць з 14 гадоў на розных гаспадарчых работах, пакуль не пайшоў у войска, служыў сапёрам. Пасля арміі вучыўся ў СПТВ-37, што было ў Мураване. Набыў спецыяльнасці трактарыста, шафёра, слесара. Быў намеснікам брыгадзіра трактарнай брыгады, шафёрам у “Сельгастэхніцы”, манцёрам у меліярацыйнай арганізацыі. Адтуль і на заслужаны адпачынак пайшоў.
Усё самае лепшае перадалі сваім дзецям Ядвіга Казіміраўна і Казімір Міхайлавіч. Сын Ян закончыў школу ДТСАФ, працуе ў КСУП “Макараўцы” аператарам машыннага даення. Дачка Аліна закончыла прафтэхвучылішча электрапрыбораў, цяпер працуе ў дзіцячым садку нянечкай. Сын Павел закончыў СПТВ № 194 у г.п. В. Бераставіца, працуе слесарам у аўтамайстэрні ў Гродне. І, канешне, радасць і надзея бабулі з дзядулей — іх унукі: Андрэй закончыў універсітэт імя Я. Купалы, адслужыў тэрміновую службу ў войску і застаўся служыць па кантракце; Марына пасля заканчэння медуніверсітэта працуе ўрачом-анколагам у Карэлічах; Ян закончыў Бераставіцкі ліцэй, працуе майстрам на хлебакамбінаце, малодшая Марына вучыцца на повара-кандытара ў Гродзенскім ліцэі.
Генрых Ігнацьевіч і Ядвіга Станіславаўна Дабрэнка выпрабоўвалі свае пачуцці на працягу трох гадоў, і толькі 1 чэрвеня 1968 года, у тады яшчэ Глебаўскім сельскім Савеце, зарэгістравалі афіцыйна свае адносіны. Самі яны з суседніх вёсак Агароднікі і Плябанаўцы. Генрых Ігнацьевіч 43 гады працаваў у гаспадарцы трактарыстам, узнагароджаны ордэнам Працоўнай славы III ступені. Ядвіга Станіславаўна 11 гадоў працавала начальнікам аддзялення сувязі, 22 гады – прадаўцом у магазіне. І вось ужо 10 гадоў як на заслужаным адпачынку. Займаюцца хатняй гаспадаркай. Доўгімі зімнімі вечарамі чытаюць газеты, абмяркоўваюць розныя падзеі, разгадваюць сканворды, чакаюць вестачак ад дзяцей, унукаў.
Сыны Алег і Леанід Дабрэнка працуюць у КСУП “Макараўцы”, Алег – шаферам, Леанід – трактарыстам. Сын Юрый жыве і працуе ў г. Гродна брыгадзірам на “ЗОВ Мебель”. Дачка Марыя атрымала вышэйшую адукацыю, служыць ва ўнутраных войсках МУС РБ адказным выканаўцам.
Восем унукаў – Сняжана, Дзіяна, Дзяніс, Багдан, Эдзік, Арцём, Вікторыя, Кірыл – будучае Генрыха Ігнацьевіча і Ядвігі Станіславаўны.
Усе нашы залатыя жанчыны-юбіляры вельмі добрыя гаспадыні, умеюць гатаваць, шыць, вязаць, вышываць і ўсе трое вельмі любяць кветкі, разводзяць іх на падворках і ў доме. І не ўяўляюць свайго жыцця без клапатлівых, працавітых і любячых сваіх другіх палавінак.
Шчасце кожнай сям’і – у яе дзецях, так лічаць нашы залатыя юбіляры. Калі дзеці і ўнукі здаровыя, паспяховыя, шчаслівыя, калі ў сем’ях мір і лад, любоў і падтрымка – менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс сямейнага жыцця.
Залатых юбіляраў наведалі старшыня Канюхоўскага сельвыканкама Віталій Рудкін і член пярвічнай арганізацыі Беларускага Саюза жанчын КСУП “Макараўцы” Наталля Пабалавец. Яны ўручылі юбілейныя сертыфікаты і падарункі, а таксама спіс вясельных юбілеяў, каб заглядваючы ў яго, нашы залатыя юбіляры памяталі, што яшчэ многае наперадзе, што ёсць брыльянтавае, жалезнае, плацінавае вяселлі. І повад для сямейнага свята можна знайсці заўсёды, было б жаданне.
Людміла Занеўская, кіраўнік спраў Канюхоўскага сельвыканкама