У камунальным унітарным прадпрыемстве “Бераставіцкая сельгастэхніка” знайшоў сябе начальнік участка аграхімічных работ і аўтатранспарту Аляксандр Ляхавец

Лента новостей

IMG_7101Са шчырым замілаваннем і гарачай сыноўняй любоўю расказваў мне пра свайго бацьку начальнік участка аграхімічных работ і аўтатранспарту Бераставіцкай сельгастэхнікі Аляксандр Ляхавец. Шчыра кажучы, нячаста пачуеш такі кранаючы аповед з вуснаў стрыманых мужчын, якія па прыродзе сваёй менш эмацыянальныя, чым жанчыны. Ураджэнец Гомельскай вобласці так яскрава расказаў пра невялічкую вясковую кузню, якая была побач з калгаснай майстэрняй і таму ніколі не пуставала, а, наадварот, прываблівала дарослых і дзяцей у час канікул меладычнымі гукамі “молата і кавадла”, а таксама сапраўднымі цудамі, якія ствараў там яго бацька, адмысловы ўмелец-каваль, што ўсё гэта літаральна паўстала яркім малюнкам перад маімі вачамі. Хлопчык змалку быў зачараваны такой адметнай прафесіяй, змог у кузні многаму навучыцца. А тонкая работа мясцовага самародка-каваля не чужая была і своеасаблівай творчасці, тут таксама магчымы быў палёт фантазіі. А яшчэ цікавіла ўражлівага хлопчыка сельскагаспадарчая тэхніка, адмысловыя сакрэты, як яна працуе, і майстэрскі рамонт, калі пры мінімуме выдаткаў і залатых руках настойлівага ўмельца яна атрымлівала сапраўдную другую маладосць. Таму пасля заканчэння школы Саша не раздумваў, куды паступаць, разумеў, што можа прымяніць некаторыя свае навыкі ў аграрнай вытворчасці і хацеў атрымаць адпаведныя веды. Дакументы ён павёз у адну са старэйшых прэстыжных навучальных устаноў рэспублікі – сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Для юнага вяскоўца гэта быў велічны храм навукі, які ўразіў яго ахайным студэнцкім гарадком, яркімі кветкамі на тэрыторыі, прасторнымі аўдыторыямі, бібліятэкай з мноствам кніг па разнастайных спецыяльнасцях. Аднак выбраў Аляксандр завочную адукацыю, а свой працоўны шлях пачаў у роднай гаспадарцы звычайным слесарам, пачынаў з самага простага і часта забягаў у кузню. На гадзіннік учарашні школьнік не глядзеў, бо справа па душы яго захоплівала. Папрацаваў хлопец і на трактары, і на камбайне ў гарачую пару жніва, калі трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну, бо на Гомельшчыне клімат больш спякотны, чым у нас, а збожжа “не можа чакаць”.
Пра “завочнікаў” сустракаецца і такое меркаванне, што яны менш старанныя, чым тыя, хто вучыцца на стацыянары. Пра нашага сціплага героя публікацыі гэтага сказаць нельга, ён літаральна ўпітваў веды, таму што яму гэта было вельмі цікава. З новенькім дыпломам ён крок за крокам затым уздымаўся ўверх па прыступках прафесіяналізму, праз некаторы час стаў у роднай гаспадарцы загадчыкам майстэрняў. А потым зменлівы лёс закінуў Аляксандра з сям’ёй на Гродзеншчыну, спачатку ён стаў працаваць у адной з гаспадарак суседняга з нашым Гродзенскага раёна, дзе навасёлам далі добраўпарадкаваны дом на зямлі.
У камунальным унітарным прадпрыемстве “Бераставіцкая сельгастэхніка” затым дасведчаны спецыяліст знайшоў сябе, адчувае шчырае задавальненне ад рэалізацыі свайго патэнцыялу. Калектыў добры, тут шмат сціплых людзей з умелымі рукамі. У полі зроку Аляксандра рамонт тэхнікі (у якім ён дока), выпуск яе на лінію, вядзенне неабходнай дакументацыі. Арганізацыя аказвае паслугі гаспадаркам, напрыклад, вапнуе кіслую глебу, дапамагае ў хімапрацоўцы раслін. На трасе мы часта можам убачыць магутныя грузавікі з салодкімі каранямі з дагледжаных палёў сельгаскааператываў нашай роднай Бераставіччыны. На адвозцы цукровых буракоў кожны год дапамагаюць гаспадаркам вопытныя і ўвішныя вадзіцелі сельгастэхнікі. Пераездам у эканамічна моцную вобласць краіны і працай у нашым раёне, які вызначаецца стабільным развіццём, спецыяліст задаволены, ён гаворыць, што і сацыяльная інфраструктура тут больш развітая, адчуваецца пастаянны клопат аб людзях. І хаця паўсюдна зараз не абыходзіцца без цяжкасцей, Аляксандр выказвае рацыянальную трапную думку, што галоўнае – засяроджвацца не на праблемах, а на іх канструктыўным вырашэнні. Маленькімі паступовымі крокамі можна дабіцца трывалых добрых вынікаў. Напрыклад, можна як мага лепш пастарацца адрамантаваць старэнькі трактар або добра клапаціцца пра свой маладзенькі пладовы сад каля дома, а можна сядзець склаўшы рукі. Хто выйграе? Безумоўна, руплівы гаспадар, кожны дзень якога праходзіць прадуктыўна.
А кожны вечар дома чакае Аляксандра пасля працоўнага дня сям’я, можна адпачыць сярод кветак на сваім дагледжаным падворку, пакуль усіх нас яшчэ радуюць цёплыя дзянькі, апошнія водгукі чароўнага лета. Дзве гарэзлівыя дачушкі радуюць бацьку. Тым, як склалася яго жыццё, мой субяседнік задаволены. Утульны прасторны дом, любячая сям’я, цікавая любімая работа… Пра што марыў бязвусы юнак на парозе роднага гнязда і ў пачатку свайго нясмелага выхаду ў вялікі свет, усё збылося. Дай Бог і кожнаму так – святла сям’і і любові блізкіх людзей, надзённага занятку па душы і здзяйснення малых і вялікіх мар.

На здымку: Аляксандр Ляхавец
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *