У заатэхнікаў-селек­цыянераў Бераставіччыны працаёмкая, карпатлівая работа

Лента новостей

IMG_3661Ва ўсім свеце робяць стаўку на раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы. У малочнай жывёлагадоўлі ёсць свае выдатныя здабыткі.
Знакамітую галшцінскую пароду кароў вывелі ў Галандыі, удасканалілі ў Амерыцы і Канадзе. У Галандыі на працягу стагоддзяў мясцовую пароду кароў вельмі добра кармілі і даглядалі, для вывядзення цялят выбіралі лепшых карміцелек. Так паступова з’явіліся выдатныя “экзэмпляры” буйной рагатай жывёлы.
Каровы галшцінскай пароды – сапраўдныя прыгажуні. Дастаткова ўбачыць дойны статак, напрыклад, у СВК імя Варанецкага, каб упэўніцца ў гэтым. Важаць каровы да 700 кілаграмаў, а быкі – да 1200. У сённяшніх умовах пры захаванні тэхналогій такія рагулі могуць даваць да 65 кілаграмаў малака ў суткі.
Сярод кароў галшцінскай пароды ёсць свае сусветныя рэкардсменкі. Самы высокі надой дала кубінская карова Убрэ Бланка – Белае вымя. Яна падаравала сваім гаспадарам 27674 кілаграмы малака тлустасцю ў сярэднім 3,8 працэнта. Сярэднясутачны надой ад гэтай каровы даходзіў да 75 кілаграмаў. Праславіліся таксама каровы з ЗША. Безумоўна, гэта былі здаровыя і вельмі добра дагледжаныя каровы. Не было ў іх і стрэсу, ён негатыўна ўздзейнічае на лактацыю.
Зараз рагулі галшцінскай пароды даюць да 9 тысяч кілаграмаў малака за лактацыю нават пры скрыжаванні з іншымі пародамі, такі выдатны ў іх генетычны патэнцыял.
У Беларусі раней традыцыйна вырошчвалі чорна-пярэстых кароў. У тагачасных калгасах не было такой кармавой базы, даільнага абсталявання, як зараз, таму паказчыкі былі даволі сціплыя. Добрым лічыўся і надой у 3 тысячы кілаграмаў у год. А пры добрым паўнацэнным кармленні і доглядзе чорна-пярэстыя каровы давалі да 5 тысяч кілаграмаў малака за лактацыю. Традыцыйна трымалі іх і вяскоўцы. У добрых гаспадароў такія кароўкі паказвалі сябе сапраўднымі карміцелькамі сем’яў, людзі прадавалі лішкі малака і дзяржаве.
Першыя “галшціны” з’явіліся ў Беларусі прыкладна 30 гадоў таму. За апошнія 20 гадоў была праведзена вялікая работа ў аграрным сектары рэспублікі. Зараз уся буйная рагатая жывёла ў нас выдатнай галшцінскай пароды.
На Бераставіччыне ў гаспадарках праводзіцца пастаянная планамерная работа па ўзнаўленні статка. Работа заатэхнікаў-селек­цыянераў – гэта работа не аднаго дня, працаёмкая і карпатлівая. Для асемянення выкарыстоўваецца генетычны матэрыял ад быкоў, чые “мамы” давалі па 11 тысяч кілаграмаў малака ў год. Безумоўна, яго “дачка” не дасць адразу столькі, але з кожным пакаленнем статак паляпшаецца. Цялят добра даглядаюць, кожная цялушка пад пільным наглядам. “Біяграфія” кожнай з іх у полі зроку спецыялістаў. Вядзенне дакументацыі – адзін з напрамкаў няпростай работы заатэхнікаў-селекцыянераў. Яны кантралююць увесь тэхналагічны працэс, стараюцца дабіцца, каб павышалася эфектыўнасць вытворчасці. Дынамічнае развіццё жывёлагадоўлі, павышэнне надояў у многім у іх руках.
У нашым раёне вопытныя і моцныя спецыялісты, дзякуючы якім малочная жывёлагадоўля эфектыўна развіваецца. Самыя добрыя словы можна сказаць у адрас Алены Анохінай з РУСП “Масаляны”, Марыі Касіянік з СВК “Цецяроўка”, Ірыны Кашэвіч з СВК імя Варанецкага, Святланы Чарновай з СВК “Пархімаўцы” і іншых. З самага лепшага боку паказваюць сябе і маладыя.
Для кароўкі няма дробязей. Клопат аб тым, каб аптымальна праяўляўся генетычны патэнцыял кароў, залежыць ад адносін многіх у гаспадарцы. Варта адзначыць, што не ўсюды аднолькавая карціна. А колькасць мастытаў, па сведчанні спецыялістаў, можна некалькі зменшыць, напрыклад, і тым, калі надаць увагу “спальным месцам” для рагуль. У свой час гаспадары так падсцілалі сваіх кароў, каб было мякка, цёпла, утульна. Такі добры догляд павінен быць і за жывёлай у гаспадарках. Зараз на малочнатаварных комплексах выкарыстоўваюцца дыванкі. У вытворцаў такіх дыванкоў свая мэта – прадаць, а ў аграрыяў свая, каб набыты тавар быў добрай якасці, надзейны і функцыянальны.
У добрых гаспадароў непрыярытэтных пытанняў няма, бо яны клапоцяцца пра жывёлу, як пра сваю. Гэта найлепшы стыль гаспадарання, самы аптымальны і выніковы.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *