У мінулую пятніцу, у другой палове дня, усе, хто праходзіў цераз мост па цэнтральнай вуліцы Вялікай Бераставіцы, звярталі ўвагу на групу людзей, якія працавалі ўнізе каля рэчкі, акурат насупраць рынку. Самазвалы падвозілі пясок, камяні, ствалы дрэў. Гэтыя няхітрыя будаўнічыя матэрыялы знаходзілі тут жа сваё прымяненне ўздоўж берага рэчкі. Дрэвы распілоўваліся на невялікія бярвенні, які ставіліся вертыкальна побач адно з адным, засыпаліся пяском і ўмацоўваліся зверху гарцоўкай. У выніку стваралася вельмі прыгожая дарожка. Бераг засыпаўся камянямі, а вакол вольхаў рабілася агароджа з крыху вышэйшых драўляных слупоў. Рэдка хто з прахожых не затрымаўся хоць на хвілінку, каб больш уважліва прасачыць за ходам работы. Давялося пачуць і рэплікі ад некаторых накшталт: “Вось гэта, сапраўды, добрая справа”.
Будаўнікамі ж на гэтым аб’екце стала мужчынская палова супрацоўнікаў раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якія на некаторы час змянілі офісныя крэслы на рыдлёўкі, насілкі, вёдры і мётлы. Ідэя зрабіць узбярэжжа рачулкі больш прыгожым, па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.А.Гугельчука, узнікла яшчэ ў красавіку, падчас правядзення агульнарэспубліканскага суботніка. Добраўпарадкаванне ўзбярэжжа плануецца правесці яшчэ на добрым кавалку, уніз па цячэнні рэчкі, аж да цеплатрасы, потым злучыць мосцікам гэты бераг з процілеглым, добраўпарадкаваць і яго, а ў перспектыве закальцаваць правабярэжную частку з левабярэжнай да таго месца, дзе быў пабудаваны драўляны пешаходны мост да 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Такім чынам, калі праект ажыццявіцца, у жыхароў і гасцей райцэнтра з’явіцца цудоўная зона адпачынку, дзе можна будзе прагуляцца пяшком і палюбавацца прыгожымі краявідамі або проста адпачыць на лавачцы.
На жаль, у той самы дзень, вечарам, знайшліся людзі, якія на вачах усіх расклалі вогнішча на толькі што збудаванай дарожцы. Вось так, для адных гэта добрая справа, а другім…
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара