У гімназіі аг.Пагранічны прайшла раённая навукова-практычная канфе­рэнцыя даследчых работ “Імк­ненне. Адкрыццё. Поспех”

Лента новостей

DSCN0116 DSCN0100 DSCN0115 DSCN0123У Год моладзі адной з важнейшых задач з’яўляецца падтрымка творчага патэнцыялу маладых людзей, развіццё іх разумовых якасцей і здольнасцей. Безумоўна, гэтаму садзейнічае і арганізацыя даследчай работы ва ўстановах адукацыі нашага раёна, да якой прыцягваюцца школьнікі, здольныя да навуковага даследавання і зацікаўленыя ў павышэнні свайго інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню. Своеасаблівым вынікам гэтай працы становіцца правядзенне раённай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі, падчас якой яны прадстаўляюць свае першыя даследаванні ў розных галінах навукі.

Як адзначыла галоўны спе­цыяліст сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Апунік, з кожным годам пашыраецца тэматыка работ юных даследчыкаў, павышаецца іх актуальнасць і практычная значымасць.
Вось і на сёлетняй раённай навукова-практычнай канфе­рэнцыі даследчых работ “Імк­ненне. Адкрыццё. Поспех”, якая 18 красавіка традыцыйна ўжо прайшла на базе гімназіі аг.Пагранічны, 85 навучэнцаў 3-11 класаў устаноў адукацыі раёна прадставілі 64 даследчыя работы.
Юныя даследчыкі абаранялі свае праекты ў секцыях прыро­дазнаўчага кірунку (біялогія, экалогія, хімія, геаграфія), гуманітарнага (гісторыя, грамада­знаўства, краязнаўства), фізіка-матэматычнага (фізіка, матэматыка, інфарматыка), а таксама ў секцыях беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, замежных моў і пачатковых класаў.
Пасля абароны праектаў жу­ры вызначыла пераможцаў і прызёраў у кожнай секцыі.
У прыватнасці, у секцыі пачатковых класаў лепшым прызнана даследаванне трэцякласнікаў Вялікабераставіцкай СШ Алесі Унуковіч і Ірыны Патурынскай “Гісторыя маёй краіны ў назвах вуліц майго пасёлка” (кіраўнік С.А.Рыжова).
У секцыі фізіка-матэматычнага кірунку перамогу атрымаў праект Мікалая Арышчанкі “Что нам стоит дом построить” (Канюхоўскі яслі-сад-СШ, 10 клас, кіраўнік Л.А.Арышчанка).
Сярод праектаў, прадстаўленых у секцыі прыродазнаўчага кірунку, найбольш цікавымі былі даследчыя работы “Влияние сроков хранения на содержание сахарозы в сахарной свекле» адзінаццацікласнікаў Дар’і Канецкай і Арцёма Стойкава з гімназіі аг.Пагранічны (кіраўнік А.П.Канецкая) і “Исследование питьевой воды из различных источников на территории г.п.Б.Берестовица на содержание нитрат-ионов”, выканалі дзе­вя­цікласніцы Вераніка Талкун і Вераніка Сунэлік (Вяліка­бераставіцкая СШ, кіраўнік І.У.Касурава).
У секцыі гуманітарнага кірунку лепшым прызнаны праект Кацярыны Болбат “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе маіх землякоў” (Макараўскі яслі-сад-СШ, 11 клас, кіраўнік А.В.Панкевіч), а ў секцыі замежных моў — даследаванне васьмікласніцы Валерыі Малецкай з Алекшыцкай СШ “Неалагізмы і іх структурна-семантычныя характарыстыкі” (кіраўнік Н.А.Баброўская).
Даследчая работа “Ад Адамчук да Ярмолік (семантыка прозвішчаў вучняў Малабераставіцкай школы)” адзінаццацікласніцы Мала­бераставіцкай СШ Вольгі Кузьмы (кіраўнік Ж.Я.Козел) заняла першае месца ў секцыі беларускай мовы і літаратуры, а праект дзясяцікласніц Вяліка­бераставіцкай СШ Марыны Сявец і Алены Гутавец “Не раздвигая рамки, не состоишься как художник” (кіраўнік Ю.Г.Сізова) прызнаны лепшым у секцыі рускай мовы і літаратуры.
Найбольшую колькасць пры­завых месцаў па выніках канфе­рэнцыі, атрымалі гім­назія аг.Пагранічны і Вяліка­эйсмантаўская СШ (6), 5 прызавых месцаў заваявалі навучэнцы Макараўскага ясляў-сада-СШ, па 4 – Вялікабераставіцкай СШ, Малабераставіцкай СШ і Старадварэцкага ясляў-сада-БШ.
Юныя даследчыкі, якія сталі пераможцамі і прызёрамі раённай навукова-практычнай канферэнцыі, узнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, падарункам усім удзельнікам канферэнцыі стала і канцэртная праграма, падрыхтаваная сіламі навучэнцаў гімназіі аг.Пагранічны.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *