Кожны народ мае свой характар, свае асаблівасці, якія адрозніваюць яго ад іншых народаў. Беларусы адрозніваюцца працавітасцю, талерантнасцю і гасціннасцю. І гэта заўсёды адзначаюць госці з-за мяжы, якія прыязджаюць да нас. Сёння гасціннасць з’яўляецца сінонімам развітай турыстычнай сферы і не сакрэт, што ў апошні час значна ўзрасла цікавасць міжнароднай супольнасці да гісторыі і культуры беларускага народа, як арганічнай часткі агульнаславянскай, агульнаеўрапейскай і сусветнай гісторыі і культуры.
Беларусь валодае і ўнікальнымі рэсурсамі для арганізацыі экалагічнага турызму. Многія прыродныя аб’екты нашай краіны адпавядаюць і нават пераўзыходзяць прыродныя аб’екты краін Еўропы. У першую чаргу гэта нацыянальныя паркі «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі», Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі «Налібоцкая пушча», «Блакітныя азёры» і многія іншыя. А ці добра мы ведаем сваю краіну, яе духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці?
Улічваючы, што 2014-ы год у Беларусі аб’яўлены Годам гасціннасці, бібліятэкі раёна распрацавалі планы мерапрыемстваў у яго рамках, афармляюць ці ўжо аформілі адпаведныя кніжныя выставы. Да прыкладу, на абанеменце Бераставіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізавана кніжна- інфармацыйная кампазіцыя «Запрашаем у Беларусь!». Як расказала бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Рожка, на ёй прадстаўлены сапраўдныя фаліянты, маляўнічыя і арыгінальныя энцыклапедычныя выданні, якія знаёмяць наведвальнікаў з нацыянальнымі прыроднымі, гістарычнымі, культурнымі багаццямі і прывабнымі турыстычнымі аб’ектамі. Выстава мае адпаведныя падраздзелы – «Помнікі прыроды Беларусі», «Гісторыка — культурная спадчына Беларусі», «Беларусь турыстычная». Заслугоўваюць увагі энцыклапедыі «Запаведныя тэрыторыі Беларусі», «Аўгустоўскі канал», «Блакітны скарб Беларусі», «Паэзія і архітэктура», «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры», «Падарожжа па Беларусі. Гарады і гарадскія пасёлкі», «Архітэктура Беларусі ў еўрапейскім і сусветным кантэксце», «Турыстычныя рэгіёны Беларусі», «Турыстычная мазаіка Беларусі», «Курорты і здраўніцы Беларусі» і шэраг іншых. Усе кнігі багата і маляўніча ілюстраваны, і, як адзначаюць многія чытачы, іх карысна не толькі пачытаць, але і прыемна патрымаць у руках, атрымаць эстэтычную асалоду ад прыгожага знешняга і ўнутранага афармлення.
Акрамя гэтага, на працягу года бібліятэкары правядуць для школьнікаў і ліцэістаў шэраг розных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду нацыянальных каштоўнасцяў, знакамітых гістарычных мясцін і падзей. Па словах загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціны Чыкун, гэта – інфармацыйная хвіліна «2014 – Год гасціннасці», інформ -кур’ер «Турызм у Беларусі», прыродазнаўчы ваяж «Помнікі прыроды Беларусі», віртуальны круіз «Галоўныя славутасці Беларусі, агляд-падарожжа «Агратурызм Беларусі», краязнаўчая панарама «Сакральная архітэктура Бераставіччыны», завочная краязнаўчая экскурсія «Выдатныя мясціны Гродзенскай вобласці» і іншыя.
Такім чынам, Год гасціннасці – добрая нагода глыбей унікнуць у гісторыка-культурную спадчыну нашай Беларусі і роднай Бераставіччыны. А дапамогуць нам у гэтым работнікі бібліятэк. Для пачатку завітайце на выставу ў райбібліятэцы – не пашкадуеце!
Святлана Ганчарова,
фота аўтара