У Вялікаэйсмантаўскай СШ прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Лента новостей Образование

Кожны год традыцыйна ў Вялікаэйсмантаўскай СШ праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе тыдзень прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”.  Кожны дзень тыдня меў свой дэвіз і план правядзення. Былі прадугледжаны цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы для вучняў розных узроставых катэгорый з выкарыстаннем новых інфармацыйных педагагічных тэхналогій. Літаратурная кампазіцыя “Роднаму слову прызнанне ў каханні” паклала пачатак тыдня.  З вуснаў вучняў гучалі вершы і песні класікаў беларускай літаратуры і сучасных паэтаў.

Кожны дзень праходзілі акцыі: “Жыві, мова!”, “Далучы сваю далонь”, “Ветлівыя словы”, “Мастацтва не мае межаў”, “Зямля бацькоў, зямля святая”, “Я люблю Беларусь!”. На працягу ўсяго тыдня ў інтэрактыўным холе школы дэманстраваліся буктрэйлеры, відэаролікі, створаныя вучнямі, беларускамоўныя мультфільмы і фізкультхвілінкі. У інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры школы былі прадстаўлены розныя выставы: “Беларускія аўтары-юбіляры 2018”, “Далучыся да мудрасці продкаў”, выстава слоўнікаў “Незвычайная арфаграфія”.

Актыўна ўдзельнічалі дзеці ў конкурсах беларускай паэзіі і песні, турніры знаўцаў беларускай мовы, літаратуры і культуры. Інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў “ФЭСТ” была прысвечана Году роднай зямлі. Мноства эмоцый і задавальненне выклікала забаўляльная праграма “На кірмашы”, дзе была арганізавана выстава смачнай нацыянальнай ежы жыхароў нашай вёскі.

Цікавай і змястоўнай, як для вучняў так і для настаўнікаў, стала сустрэча з мясцовымі паэтамі Галінай Румак   і Мікалаем Іваноўскім.  У паэтычных радках кожны ўбачыў родныя мясціны, палі, лясы і дубровы, пачуў знаёмыя назвы вёсак і рэк. Цікавасць да паэзіі – адзін з паказчыкаў  духоўнасці чалавека, эмацыянальнай чуласці, без якога цяжка ўявіць сабе пачуццё эстэтычнае і маральнае.  Пасля сустрэчы вучні выказалі жаданне паспрабаваць свае сілы на літаратурнай ніве. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў” прадэманстравалі свае дасягненні, выпусцілі насценную газету “Гучы, беларускае слова!”, дзе былі надрукаваны асабістыя вершы і апавяданні.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай СШ не толькі выкладаюць мову і літаратуру, яны вучаць любіць Беларусь, сваю мову, літаратуру і культуру. Любіць светла і самааддана. Як любяць сонечны дзень, ласкавы ветрык, цёплы дождж… Як любяць бацькоў, шчырых сяброў… Менавіта такая любоў наладжвае гармонію ў чалавечай душы, ператварае існаванне ў змястоўнае, стваральнае жыццё. І няхай нашы вучні яшчэ не дарослыя адказныя людзі, яны стаяць на розных прыступках увахода ў самастойнае жыццё, мы верым у тое, што менавіта родным словам зможам выхаваць у іх пачуцце чалавечай годнасці, гонару за прыналежнась да нараду сваёй краіны. Яны разумеюць, што без мовы няма беларускага народа, хочуць, каб наша мова заставалася такой жа мяккай і мілагучнай, каб яе пачулі нашы нашчадкі.

Марына Станеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вялікаэйсмантаўскай СШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *