Адкрыццё новага памяшкання для аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на “Бераст-Фэсце” стане адным з ключавых момантаў шырокай культурнай праграмы нашага брэндавага свята. Дом рамёстваў, за рамонтам і аздабленнем якога бераставічане назіралі апошнія некалькі месяцаў, размясціўся ў самым цэнтры Вялікай Бераставіцы, у маляўнічым куточку непадалёку ад возера. Напярэдадні важнай для гарпасёлка падзеі, гутару з загадчыцай аддзела рамёстваў Тамарай Касьян – гаспадыняй гэтага асяродка традыцыйнай культуры і народнай творчасці.
– Тамара Мікалаеўна, апошнія штрыхі ў падрыхтоўцы да сустрэчы гасцей, бачу, зроблены. Утульнае прыгожае як звонку, так і ўнутры памяшканне гатова для адкрыцця. Што адчуваеце ў сувязі з гэтым?
– Пераезд – гэта падзея для кожнага клапотная і хвалюючая. Таму пэўнае хваляванне, вядома ж, прысутнічае. Аднак адчуваю і радасць. Нарэшце наш Дом рамёстваў заняў дастойнае месца ў гарпасёлку – зручнае і даступнае для наведвальнікаў, камфортнае для работнікаў. Дзякуй раённаму выканаўчаму камітэту за разуменне важнасці гэтай справы і фінансавую падтрымку.
– Чым плануеце здзіўляць гасцей?
– Мяркуем, што Дом рамёстваў стане адной з візітных картак Вялікай Бераставіцы – нараўне з музеем Вавёркі і райбібліятэкай імя В.М. Кавалеўскага, яшчэ адной кропкай наведвання не толькі турыстамі, але і землякамі, з мэтай вывучэння гісторыі Бераставіччыны праз знаёмства з развіццём і распаўсюджваннем на бераставіцкай зямлі традыцыйных рамёстваў і промыслаў. У сувязі з гэтым мы прапануем экскурсійныя паслугі, тым больш што ў памяшканні Дома рамёстваў цяпер абсталяваны этнакуток з экспазіцыяй прадметаў сялянскага побыту і рамесных вырабаў, характэрных для рэгіёна, з дэманстрацыяй бераставіцкага строю. За час работы ў нас сабралася немалая калекцыя ручных вырабаў ткацтва, вышыўкі, карункапляцення ад народных майстроў і умельцаў Бераставіччыны. У этнакутку гэтыя ўнікальныя ўзоры народнага мастацтва і рамяства будуць даступны ўвазе наведвальнікаў.
– Ці зменіцца пасля пераезду дзейнасць аддзела рамёстваў? Што чакаць у перспектыве?
– Асаблівых змен, вядома ж, не плануецца. Наша галоўная задача застанецца ранейшай: захоўваць і развіваць традыцыйныя рамёствы і промыслы праз арганізацыю выстаў, удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, дзе прадугледжаны пляцоўкі для народных майстроў, перадачу ведаў і вопыту нашым гурткоўцам. А вось выстава-продаж сувенірнай прадукцыі ў Доме рамёстваў, спадзяюся, актывізуецца. У гасцей нашага пасёлка з’явіцца выдатная магчымасць набыць на памяць аб нашым мястэчку сучасныя вырабы ручной работы, якія мы прапануем. У асноўным гэта саломка, гліна, роспіс па дрэве. У перспектыве малады спецыяліст Святлана Ляшкевіч, якая працуе ў нас майстрам традыцыйных рамёстваў і промыслаў па размеркаванні пасля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, плануе развіць такі від беларускага рамяства як маляванка, ці роспіс па тканіне.
– Дзякуй за гутарку, Тамара Мікалаеўна. У добры шлях!
Ад аўтара. Дом рамёстваў у чаканні наведвальнікаў. Тут можна пазнаёміцца са старадаўнімі вырабамі народных майстроў, з прыгожымі ўнікальнымі творамі сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, завітаць на майстар-клас работнікаў аддзела рамёстваў, якія з задавальненнем падзеляцца сваімі ўменнямі і ведамі аб традыцыйных рамёствах.
Гутарыла Святлана Ганчарова, фота аўтара
На здымку (справа налева): загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян і майстар традыцыйных рамёстваў і промыслаў Святлана Ляшкевіч.